Лужыцкая балада-казка. XIV стагоддзе
— Што ж ты, хросніца, ніколі
Не прыходзіла ка мне?
— А ўсё часу, хросна маці,
Ды ўсё часу не было.
— Што ж ты бачыла, цікава,
Да матулькі ідучы?
— Чатырох сабак сустрэла —
Беглі з косамі на луг.
— Што ты, хросніца, гаворыш?
Не пазнала ты, відаць:
Гэта ж беглі не сабакі—
Беглі парабкі касіць.
— І авечачкі чатыры
Неслі граблі на плячах:
Заклапочана спяшалі
На той самы, пэўна, луг.
— Не авечкі гэта, Ганьжа,
А паслужніцы мае.
Хіба іх пазнаць так цяжка
Па абрэзаных хвастах?
А каго на панадворку
Ты убачыла, скажы?
— Там былі чатыры мышкі,
Што дурэлі на траве...
— І ў кожнай — луста хлеба,
Што ад шмальцу аж блішчыць?
— Так...
— Дык гэта ж мае дзеці,
Дзеці любыя мае!
— Зазірнула я ў стадолу—
Там малоцяць бараны.
— Гэта парабкі таксама...
Хіба ж ёсць баран без рог?!
— Пад паветкай кошка звыкла
Доіць, бачыла, кароў.
— Гэта ж трэба зблытаць кошку
Са служанкаю маёй!
— Тут жа конь загнаны. Масла
Капытом у бойцы б’е.
— Што ты, хросніца, балбочаш:
То ж мой муж — татулька твой!
І наогул, дужа многа
Знаеш, дзеўка, пра мяне...
А мой двор не мае куркі,
Каб мне золата дзяўбла.
Ці не схочаш ты, дачушка,
Быць нясушкаю пры мне?...
Ганьжа мелася пярэчыць —
Кудкудакнула ў адказ.
Казкі ўпэўнены: павінна
Дабрыня перамагчы!
Але часам і ў казках
Пераможа раптам зло...