Жанчына дзяліла сонца —
Пароўну кожнаму коласу;
Яна стаяла сівая
У сваім у бабіным леце...
Я падышоў...
— Дзень добры!—
Яна мне ласкава сказала.
Яе рукі
Яны — нібыта мужчынскія:
Гэтак умеюць ціснуць,
Але ўмеюць і лашчыць,
Агрубелыя гэтыя рукі,
Высліжаныя аб цапільны,
Аб касільны ды тапарышчы,
Што ў іх, як у тое люстэрка,
Можна усім глядзецца!
Яе вочы
Гэтулькі, гэтулькі промняў
Плёскае ў іхнім блакіце.
Іх многа. Іх, можа, столькі,
Колькі ўсходаў і захадаў
Вочы страчалі ў полі...
Яны многае ведаюць,
Яны многае бачылі,
Гэтыя сведкі блакітныя,
Якія запамінаюць гісторыю
Зямлі, чалавека.
Яе валасы
З-пад паркалёвай хусткі
Выбіваюцца белыя промні —
Іх сонца бяліла з палотнамі,
Яно працавала над гэтым
Сотню чэрвеняў, ліпеняў, жніўняў —
Аж пакуль назаўжды не змяшаліся
Промні сонца з белымі промнямі...
Уся постаць
Свеціцца... Ласку праменіць...
Дык гэта ж сапраўднае сонца,
Што сабрала гэтулькі промняў
На руках,
у вачах,
пад хусткай!
— Ну, дзень добры, сівое сонца —
Бабка Алеся!