Не дакранайцеся да гэтай чысціні—
Навошта ўспамінаць яго будзённа!
Няхай яно, цнатлівае, звініць,
Бы свята ў нашай пошласці якдзённай.
Не мацайце здаволена яго,
Не пацірайце рукі ў нецярпенні
І не гукайце ў сыты карагод,
Як дзеўку, не садзіце на калені.
Навошта прыручаць яго, цугляць—
Няхай яно, як вецер, будзе вольным
І неаб’езджаным, бы ў стэпе дзікім коні,
Яму, як птушцы, дайце пакрыляць.
Не забаўляйцеся ім, сцішаным, прашу,
Як ледунец той, не качайце ў роце,
Бо жывіць слова гэтае душу
І цепліць сэрца, што жыве ў згрызоце.
Не дакранайцеся да гэтай чысціні —
Яго ж у знемажэнні ўспамінаюць...
Няхай яно, нявіннае, звініць,
Як свята,— слова чыстае: «Кахаю!»