Давайце адзначаць дні нараджэння дрэвам!
Збяромся ў лес, пасядзем сярод іх
І, адкашляўшыся ў кулак — ад хвалявання!—
Пачнём прамовы юбілейныя казаць:
Маўляў, мы любім вас і паважаем,
Але, як і сябрам сваім найлепшым,
Саромеемся пры жыцці — у вочы —
Аб гэтым прызнавацца.
Ды вы й самі,
Нібыта продкі нашы — хлебаробы,
Не помніце сваіх дзён нараджэнняў —
Калі за працаю было іх святкаваць!
А ўспамінаў хто-кольвек вам між іншым —
Адмахваліся вы:
«Якое гэта свята!..»
Дык вось —
са святам вашым, цётка Елка!
(У вас кара — нібыта ў цёткі Лёксы
Ад сівераў парэпаныя рукі...)
І вас з днём нараджэння, дзядзька Клён!
(Прысадзісты, плячысты — вы падобны
На дзядзьку Аляксея, што нясе
Капішчу сена — як зялёны стог...)
І вас з семсотгадовым юбілеем,
Дзядуля Дуб!
Сабралі вы падлесак
І баіце малым, як казку, праўду
З жыцця дрэў пракаветных і лясоў.
(Вось так і нас сабраўшы ля сябе,
Калі усе былі на сенаванні,
Нам баіў гэтаксама дзед Кузёмка —
Але былі то казкі пра людзей...)
Са святам вашым кожнадзённым, Дрэвы,—
Цярплівыя і сціплыя, як Людзі —
У лесе ж знойдзецца штодзень хоць голька,
Якой якраз сягоння юбілей...
Давайце ж адзначаць дні нараджэння дрэвам,
Пакуль яшчэ далёка да памінак,
Калі — ля пнёў! — тужліва ўспамінаюць:
— Як сціпла пражыла на свеце цётка Вольха...
— Які харошы чалавек быў дзядзька Вяз...