Нас сюды сабрала Цётка
На лугі і паплавы,
Дзе аж пеніўся салодкі
Пах накошанай травы.
Гаспадыняю гасціннай,
У вянку, нібы вясна,
Свае родныя мясціны
Нам паказвала яна.
І яе тут пазнавалі,
Перад ёй на луг-зямлі
Цёткі граблі папрымалі,
Дзядзькі косы адвялі.
Заспяшаліся на свята —
Свят нам гэткіх не стае!—
І як пчолы каля маткі,
Людзі сціхлі ля яе.
А яна між іх сядзела
І са сцэны лугавой
Так узрушана глядзела
На народ спрадвечны свой.
Раптам лівень гэткі хлынуў,
Гэткі лівень зашумеў!
Мы — са сцэны пад галіны,
Пад густыя шаты дрэў.
Абвалілася залева —
Не раскрыць, здаецца, рот.
Не хаваліся пад дрэвы
Толькі Цётка і народ.
Моклі чыстыя абновы,
Ды — адзін ля аднаго —
Людзі хлеба
Праглі слова
Найраднейшага, свайго.
Хоць ад ліўня луг прагнуўся —
Так ліло, нібы са стрэх,
Ды ніхто не варухнуўся
І дадому не пабег.
І тады з-пад дрэў выходзіць
Пачалі няёмка мы.
Зразумелі пры народзе:
Слова ліўнямі не змыць.
Вінавата зноў паселі
Пад залеву, між вады...
Як у Цёткі пасвяжэлі
На вянку яе квяты!
Дождж ідзе, а слову светла,
Гром грыміць, а ўсе стаяць.
Дзякуй вам за свята гэта,
Цёткі, дзядзькі, сенажаць!