Гэта дрэва шукае свайго бусла,
Гэта лодка чакае свайго вясла.
Зачакаліся весніцы рыпу гасцей,
Комін — дыму са скваркай, ды найгусцей.
Кропля — ў лузе шукае найплодных мясцін,
Каб пасеяцца ў ім, хмаркай ціха ўзысці.
Неба птушак чакае, пупышкі — цяпла,
Сніць узятак зімою завейнай пчала.
Поле — прагне абуджаных сонцам зярнят,
Вёска — новых, прарослых ля вуліцы, хат...
Гэта ж песня гукае свой сціплы народ,
Каб у ім прарасці хоць на дзень, хоць на год.