Я дні рассуну,
нібы шторы,
Каб зноў вярнуцца у красу,
І пасля доўгіх угавораў
Цябе з сабою панясу.
Праз пераплеценае лісце,
Што атрасаецца ў траву,
Цябе нясу я ў свет дзяцінства —
Нагні шчэ ніжай галаву!
А вунь —
жаданая паляна...
Яна не ведае тугі:
На ёй пякуць усе старанна
З пяску і гліны пірагі.
Вяселле ладзіцца маё там.
Нявеста, бачыш, пад цябе:
Хоць да сяброў мне ўцеч ахвота —
Не адпускае ад сябе.
Яна ўчапілася за рукі...
Адкуль, макулінцы, ёй знаць,
Што ёй каханне дорыць мукі —
Ля дому мужа так трымаць.
Ты што?..
Няўжо прыраўнавала?..
А ёй зайздросціць нават грэх!
Глядзі — дзяўчынка не ўтрымала,—
І я спяшаюся ў твой смех.
Глядзі — прыціхлі дзіцяняты...
Давай паслухаем і мы,
Як у худыя ручаняты
Цярушыцца, табою ўзняты,
Удовін халадок зімы.