Я выходжу з раба пакрысе,
З-пад пачцівасці выбіраюся.
Выпрамляюся, выпраўляюся
І дзіўлюся: я ж як і ўсе.
Дык чаго ж я хадзіў па зямлі
Яе ўгнутым, няродным сынам;
Мае вочы — дарогі мялі,
Мае рукі — у пыле, у гліне.
Як прыемна плечы размяць
І адчуць іх напятую сілу,
Песню тую на свет заспяваць,
Што даўно ўжо выйсця прасіла.
Ах, як хораша йсці ў повен рост,
Калі ўпэўненасць душу агорне:
Галаву — аж да самых нябёс,
Ногі — ў травы. Па самыя корні.
Як імя, сваю годнасць знаць,
Ад ліслівасці межавацца,
Сарамлівасць рабскую змяць,
І не ўкленчвацца, не прыніжацца.
Бог з ім, з даўнім табою,— з рабом!
Рабалепства, бы скуру, скідаю,
Разагнуцца, узняцца жадаю,
Сонца, неба напіцца нагбом.
Шчырым быць не баяцца ў жыцці
І не думаць ніколі: «што потым?»
Па зямлі — поўным ростам — ісці
І на свята, і на работу.
А калі давядзецца дагнаць
І калі дазволіць дарога,
Як бы добра раба вось такога,
Як сябе, з каленяў падняць.