Калі ты ўбачыш, што пад вечар
Затлее ў печы весялосць,
То ведай:
смажыцца яечня,
А ў хаце гэтай, пэўна ж, госць.
Трашчаць сучкі ў славянскай печы
І скачуць, скачуць у парог.
Каб госць зайсці у хату мог —
У хаце смажыцца яечня.
А вось і на стале яна,
Як сонца, асвятляе вечар...
Ну дзе там крышачку пітва —
На стол пададзена яечня!
На стол пакласці ўсё,
што ёсць,—
Такі ўжо звычай наш спрадвечны.
Як толькі ў хату ступіць госць —
Адразу смажыцца яечня.