Як жа хораша ўваліцца
Пасля ўтомы ў лугакветкі,
Калі воддаль — камяніцы,
Калі поблізу — палеткі.
Перапоўнен ты гудою;
Вочы стомлены раллёю,
Ногі — доўгай баразною,
Рукі — плугам ці касою.
У цішы ляжыш адвечнай,
Распластаны, родны з ёю...
Нават чуеш — плечы ў плечы —
Ты зрастаешся з зямлёю.
І нічога больш не трэба,
І мана — нібы не тая.
Над табой высока неба,
Пад табой — зямля крутая.
Ты між іх. І ў гэтым цудзе
Аж не верыцца ў такое,
Што ляжаць калісьці будзеш
Між зямлёю і зямлёю.
Цішыня — сама нявіннасць,
Ды спакой — не дужа глыбак...
Зварухнулася травіна,
А здалося — ўпала глыба!