Калі мая закончыцца сцяжына,
Я не пакіну родную зямлю,
Якую гэтак роспачна люблю,
Цябе таксама, боль мой, не пакіну.
Каля цябе, каханая жанчына,
Я волю дам зялёнаму галлю
І сокам лісце ссохлае налью —
Няхай яно шапоча над Айчынай.
Лістамі дрэў пачну нанова марыць,
Кветкаю з травы, нібы радарам,
Услухаюся ў блізкі ўжо сусвет.
І збоку будзе бачыць мне нязвычна,
Як паміж сузор’яў і планет
Ляціць Зямля — наш карабель касмічны.