Калі ў вачах — вачам аж цесна,
Калі ўміраеш ад уцех,—
Чаму, скажыце, гэта грэшна,
Чаму завецца гэта грэх?
А я за грэх. За той, што дорыць
Нам радасць новага жыцця.
За грэх святы, за той, каторы
Аж за стагоддзі — наш працяг.
Жыццё і грэх — заўсёды разам,
Не варта іх распалучаць.
І найвялікшая абраза
Любоў і Ласку грэхам зваць.
Калі шчасліва ласкавее
І добрыцца цнатлівы смех,—
Нашто, скажыце, як завея,
Як асуджэнне — слова «грэх»?
Пра грэх — каханне! — кожны марыць.
Што ж ты паказваеш, рука:
Супроць каго змагацца зараз
І дзе бязгрэшных мне шукаць?
Ад першага граху — ад Евы —
Мінула столькі лет і зім.
Ды што ж паробіш, калі ўсе мы
Той яблык і дасюль ядзім.
Грашым ласкава і цнатліва,
Нібы сумеўшыся крыху.
І ўсім у тым граху шчасліва...
Дык слава гэткаму граху!
А грэх, наш бусел, носіць дзеці
У хату, юрту і ў вігвам.
Адаме! Ева! Дзякуй вам:
З-за вас — і мы жывём на свеце!