Янка Сіпакоў

Кантрабанда

Беларуская балада. XVI стагоддзе

 

Стаміліся белыя коні і цёмнымі сталі ад поту,

Стаміліся бомы звінець пад дугою -

Матляліся ўжо неахвотна,

Ахрыпла іх песня - яна наглыталася пылу

І ўжо задыхалася ўся,

Калі варта рыплівую брычку спыніла,

Дзе кожнае кола візгліва жаданага дзёгцю прасіла...

- Гэй, што ты вязеш праз граніцу? -

Чужая злавалася мова,

Пыталася варта сурова,

Шукала упарта ахова,

Шукала яна кантрабанду

У брычцы, як позняя восень, парожняй, -

Не верыла,

Што праз граніцу парожнімі ездзіць можна.

- Дык што ты вязеш?

- Вы ж бачыце самі - нічога.

- А можа, схаваў што?

- Навошта? Пабойцеся Бога -

Вы бачыце ўсё, што са мною...

Ясна адно - галадранцы!

Ездзяць тут розныя швэнды*, - ахова ўжо стала злавацца, -

А можа, ты кнігі вязеш? Бо з Прагі тут нейкі Скарына

Кнігі злаўчыўся вазіць на радзіму,

Якую чамусьці пакінуў.

- Кнігі?

Ад іх толькі зло...

Бэсцяць кнігі наш люд паспаліты*...

- І ты супраць кніг, падарожны?!

Які малайчына, глядзі ты!

А ведаеш, думаю я, што прыйдзе часіна такая:

Нам скажуць Скарыну таго затрымаць.

І мы, будзь ты пэвен, яго затрымаем!

І кнігі тады мы яго

Папалім усюды ў краіне...

- Чакайце, а кнігі ж святыя, пра Бога...

Дык як жа паліць іх?..

- Павінен

Сказаць я табе, чалавеча,

Што ты - кацянятка сляпое:

Можна паліць і святое, калі нам загад ёсць на тое.

Ты знаеш, і Бога самога

Мы можам паслаць на спаленне,

Калі непрыдатным ён стане

Для нашага раптам малення...

Я веру, Скарыну таксама

Касцёр наш падсобіць на неба -

Асудзяць яго на спаленне нашчадкі...

- Так яму, неслуху, й трэба!

- Ну, едзь, падарожны...

Чакай, а хто там сядзіць у фурманцы?

- Гэта ж фурман мой.

- Бач, з форсам катаюцца нават такія, як ты, - галадранцы!

Ну, едзь - не мазоль нам вачэй...

 

Весялей зацілімкалі бомы,

Яны адпачылі крыху -

Дзе падзелася пыльная стома!

Спяшаўся дадому Скарына (а гэта быў ён - вы пазналі?).

Коней сцябалі абодва -

І «пан», і «фурман» коней гналі.

Глядзеў на «фурмана» з усмешкай Скарына -

Усё-ткі правёз кантрабанду ён з Богам!

Бо гэты «фурман» - быў найлепшы друкар,

Украдзены ў караля самога.

 

Ехаў Скарына Францыск друкаваць свае кнігі дома.

Цілімкалі

Весела

Бомы...

 

 

Каментары

 

Швэнды (іранічнае) - людзі, якія ходзяць або ездзяць без мэты.

Люд паспаліты - просты народ.

 




Беларуская Палічка: http://knihi.com