Харвацкая балада. XVI стагоддзе
Нарэшце, Мація Губец,
Цябе карануюць сёння.
Бачыш, колькі сабралася
Тваіх засмучоных сяброў...
Што ж зробіш — гэта падзея,
Хоць сумная, ды падзея,—
Калі селянін на троне
Вянчаецца на караля.
А табе ж гэты трон ці трэба —
Колькі было ў цябе тронаў!
На лузе — купіна мяккая,
У лесе — цёплы пянёк!
Там, умакрэлы ад працы,
Сядзеш, бывала, паважна,
З полуднем клунак развяжаш —
Ясі, як сапраўдны кароль.
А калі ты з угрэтага поплава
Ехаў на возе сена,
Тваёй вышыні зайздросцілі,
Здавалася, каралі:
Галава — высока-высока,
За яе аж хмурынкі чапляюцца,—
Гэтак, як сена ахапкі
Чапляюцца за платы...
Сёння дадуць табе ў рукі
Цяжкі каралеўскі скіпетр,
Але да яго не прывыкла
Твая з мазалямі далонь.
Дайце ёй лепш тапарышча,
Цапільна ці нават грабільна!
А як яна, Божа, пазнае
Высліжанае кассё!
І як абудзяцца рукі,
Што так сумуюць па працы,
Будуць касіць і грэбці,
Грэбці і зноў касіць...
Забярыце свой д’яблаў скіпетр —
Селяніну ён непатрэбен:
Гэтай парожняй бразготкай
Забаўляцца сорам яму!
А табе яшчэ, Мація Губец,
І карону на голаў уздзенуць.
А навошта? Хіба ў ёй за плугам
Босы пойдзеш па баразне?
Як жа гэтай дзіраваю шапкай
Галаву ад сонца заслоніш,
Ад асцюкоў уратуешся,
Звозячы з поля снапы?..
Не, ні скіпетр, ні трон, ні карона
Не былі табе, Губец, патрэбны,
Не з-за іх ты сяброў на паўстанне
Ад касьбы, ад жніва адрываў.
Ты хацеў свабоды сялянам,
Ты хацеў справядлівасці толькі —
Каб селянін на полі
Вольна араў, як кароль.
Вось за гэта цябе й карануюць —
Каралеўствам гарачым караюць.
Бачыш, вораг як распраўляецца
З сялянскім сваім каралём:
Вунь твой трон стаіць ясны,
Разагрэты, нагрэты дачырвана,
І карона, і скіпетр
Зырка ззяюць, нібы вугалі.
Моцна сціснуўшы скіпетр распалены
І карону рукою паправіўшы,
Ты спакойна ўзышоў
На жалезны палаючы трон...
І сягоння яшчэ
Твой народ не забыўся — ён помніць,
Як на троне адзін селянін
Паміраў каралём.