Конь, сівы ад гадоў,
Як знайшоў ты мяне
У віры гарадоў,
У такой гамане?
Колькі ж вуліц зазнаў,
Абышоў, абабег,
Аж пакуль не пазнаў
Знерваваны мой смех.
Як мой конь заіржаў
Каля вуха майго!
Мусіць, сотня дзяржаў
Зразумела б яго.
Колькі ж часу імчаў,
Як пакінуў сяло?
А ў сумотных вачах
Па расіне было.
Ну, вітаю, мой конь!
Нам сустрэцца пара.
І ў раскід, абугонь
Мы умелі араць.
Бы наліпшы да рук,
Мне запахла ралля,
І заліўся жаўрук
Сваёй песняй здаля.
Мы дзялілі з табой
Наша поле і луг,
Дапаўнялі сабой
І калёсы, і плуг.
Зналі дождж і слату,
Зналі снег і мароз.
Кожны чуў за вярсту
Гоман нашых калёс.
Што я здрадзіў табе,
Ты даруй мне, прабач...
Конь заржаў у журбе,
А іржанне — як плач.
Сцяўся я ў мітусні,
Сэрца — нібы са швоў...
Конь, як прывідны, знік.
І тралейбус пайшоў...
І ніхто аніяк
Не ўчуў наўду маю...
Я адзін, як дзівак,
На прыпынку стаю.