Паводле народнага
Як збіраўся да дзеўчыны хлапец,
Яго маці папярэджвала,
Яго маці папярэджвала,
Выпраўляючы з сянец:
— Ты ж глядзі, мой сыночак, глядзі,
Не пакрыўдзі нічым каханую,
Не пакрыўдзі нічым каханую —
Ва ўсім дагадзі.
— Ты не бойся, матулька мая,
Ад яе буду вельмі далёка,
Ад яе буду вельмі далёка
Я ўвесь вечар стаяць.
Не крануся яе і рукой,
Каб не ўкрыўдзіць каханай,
Каб не ўкрыўдзіць каханай
Абразай такой...
А каханая выйшла з сяла,
Яго гэтак ветла сустрэла,
Яго гэтак ветла сустрэла
І сама абняла.
І прасіла ля самых сянец:
— Пакрыўдзі мяне хутчэй ты,
Пакрыўдзі мяне хутчэй ты —
Пацалуй мяне!