Лягчэй вы паміралі, нашы прашчуры,
Бо верылі, што будзеце прыходзіць
Сюды, дамоў, на кожныя Дзяды —
Вясной і ўвосень. На сваім падворку,
Перш чым зайсці у сцішаную хату,
Усё агледзіце руплівым вокам,
За кожны знадабень зачэпіцеся вы:
Вясной — у баране паправіце кляцы,
Падмажаце рыпучыя калёсы,
Павесіце на месца скінутыя лейцы
І ў думках свайго сына паўшчуваеце,
Што гаспадарыць ён не так, як вы.
А восенню ў вас іншы клопат —
Прыкінуць намалочанае збожжа,
Зірнуць, ці добра выкапана бульба,
Аўса насыпаць коням поўны жолаб
І ўзважыць добра ўлежанае сена —
Ці хопіць на зіму? А потым
Вы прыйдзеце ў цяплынь начную хаты
І сядзеце у покуце на лаву,
Драўляную намацаеце лыжку
І саганок, закураны у печы;
І есці будзеце са смакам груцу,
Пакінутую на стале для вас,—
Так некалі вячэралі вы ў поцемках,
Вярнуўшыся запозна з дамалотак...
З якою ж прагай вы пасля вячэры
Нагбом з вядра вады крынічнай вып’еце,
Вусы спярша развёўшы даланёю!
А потым, зноў збіраючыся з хаты,
Вы пакалышаце ліповую калыску,
Дзе ваш унук, прачнуўшыся, заплача;
І доўга клямку будзеце шукаць,
Якую вашы рукі гэтак зналі,
Якую рукі сталі забываць.
Ад бразгату прахопіцца нявестка
І сонным голасам спытае: «Хто там?»
А сын спакойна гэтак ёй адкажа:
«Спі, гэта, мусіць, бацька...»
Адкажа так, нібыта, як калісьці,
На досвітку вы ўсталі малаціць...
Лягчэй вы паміралі, нашы прашчуры.