Не, на каханне ланцугоў няма:
Платы жывыя з кактусаў ламае,
Настойліва з вігвамаў уцякае,
Каб зразумець яднання вечны смак.
Квяткуе лета, снежыцца зіма...
І травастой бамбукавы хавае
Уцекачоў. І цішыня такая
Паміж завей стаіць тады, як зман.
І смехаток прыглушаны, спакусны
У нашым пахкім сене беларускім
Няўпэўнена і радасна гучыць.
Ды радасцю нягоды не спатоліш,
І цішынёю зваблівай ніколі
Трывогі свету нам не заглушыць.