Недзе ў далёкім краі,
У тайговай драўлянай хаце,
Напаленай па-сібірску,
Ты, разамлелы, прылёг...
І ўжо закідвае невад
У свае глыбіні дрымота,
Каб налавіць, бы язёў тых,
Поўную хату сноў.
І раптам — як збуд сярод ночы —
На нізкай дашчанай столі
(Праз смугу палахлівай дрымоты
Пазнаў ты добра яго):
Скача імклівы коннік —
Сучкоў і ліній стварэнне —
Нібы прымчаў ён са столі
Бацькавай хаты тваёй.
І ўжо ў тайговым краі,
Дзе дрымота ўцякла за дзверы,
Табе хочацца конніка тога
У далоні цёплыя ўзяць,
Каб яго адагрэць, адхукаць,
Бо ён жа скакаў праз завеі
З далёкае бацькавай хаты,
З дзяцінства твайго
Да цябе,
У тайгу...