Па вузенькай сцяжынцы спрэчкі,
Якая, бы ў гушчарніку, пятляла,
Я бег, ледзь паспяваючы за думкамі,
Якіх таксама кідала ў бакі.
Падбіўся я.
Спацеў і так стаміўся,
Нібыта ў спёку цэлы дзень касіў
Тупой касою...
Раптам, як збавенне,
Мой мозг адчуў прыемнасць прахалоды
Перада мной ляжала азярцо.
Была то паўза.
Паўза ў нашай спрэчцы.
І я у глыбіню яе нырнуў,
Бо то ж раскоша — свежасцю абдацца,
Каб потым зноў цярпліва даганяць
Пабегшыя уперад думкі
Па вузенькай сцяжынцы спрэчак.