Скавышамі прапахлы,
Бацька прыехаў на полудзень.
І ў хаце — адразу патоп...
Першай адчула гэта кошка.
Яна замітусілася, замяўкала
І пачала да чагосьці падазрона прынюхвацца.
Потым,
Затопленыя па самыя макаўкі,
Зарадаваліся дзеці
І забегалі па хаце.
Затым, услухаўшыся,
Захвалявалася малое ў калысцы —
Да яго дайшло толькі цяпер.
Дабраўся патоп і да самога бацькі,
І той з асалодаю зафыркаў,
Нібы купаючыся...
А хату ўсё затапляла і затапляла.
Хутка патоп прасачыўся і затапіў сенцы.
І вось ужо праз шчыліны з хаты,
Як з дзіравай лодкі,
Цэдзіцца ён на вуліцу...
Затапляе дрэвы,
Сінічак на іх,
Падымаецца пад самыя воблакі
Гэты прыемны патоп —
Пах капусты, шкваркі, куляшу, каўбасы.
Аж свярбяць насы ад такога патопу,
На які раздобрылася сялянская печ...
А ў хаце —
Як збавенне,
Як выратавальны круг,
Бацькаў загад:
— Дзеці, за стол!