Хмаркі лета блытаюцца ў просіні —
Чысцяць пер’е ў вырай і яны...
Колькі розных выраяў па восені
Пачынаюць пошукі вясны.
Нашы думкі ў вырай з імі просяцца...
Захініце, птушкі, іх крылом!
Чалавек — не птушка. Ёсць жа розніца
Я спяшаю ў вырай пешаком.
Я спяшаю. Лезу па гушчарніку,
Атрасаю кроплі за каўнер,
Да мяне ідуць дубкі ў напарнікі,
Лес грыбамі корміць напавер.
Раптам — сінь тваіх вачэй бясхмарная,
Ласка ўсмешкі — рэху не дагнаць,
Ты ўжо тут? Баяўся, значыць, марна я,
Што ў самоце буду сумаваць!..
Абагрэцца трэба. Трошкі выспацца.
Ты збіраеш будучы агонь:
Па галінцы, промніку, па іскарцы
Ловіш у спагадную далонь.
І касцёр, нібыта з сонца высеян,
Асвятліў аголены прастор,
Ірвануўся ў неба, зліўся з высямі
І змяшаўся з сейвам зыркіх зор.
Над кастрамі полымнымі, шчырымі
Птушкі нават восенню пяюць...
А вясной яны дарогу з выраю
Па кастрах тваіх распазнаюць.