Гэткае дрэва!
Яно зямны шар захапіла карэннямі
І, нібы мяч у сетцы, здаўна яго трымае...
Макавіна якая!
Жылплошчы ў ёй хапае для ўсіх абяздоленых птушак,
І песням іхнім, і песням птушыных унукаў і праўнукаў.
Пад страху ягоную
Спяшаюць, ідуць адусюль суніцы, лісіцы, баравічкі,
Людзі, ночы, ваўкі, русалкі і нават сонцы.
Пад ім знаходзяць:
Сумныя — песню, галодныя — харч,
скалелыя — зацішак...
Шчодрае,
вельмі шчодрае гэта зялёнае дрэва-гасцініца.
Хто толькі яго пасадзіў: суніцы, грыбы, ваўкі?
Ці птушкі?..
Ці сонца?..
Ці чалавек?..