Дзядзька Янка! Вы чуеце — свята гудзе,
Наша слаўнае свята — Купала.
Колькі вашых сяброў яно, колькі надзей
Каля вас, як ля сцяга, з’яднала.
Дзядзька Янка! Вы бачыце — луг, як букет,
І шчаслівыя ўсмешкі, і радасць Радзімы.
Беларускія песні гучаць на ўвесь свет,
Песні нашых сяброў паядналіся з імі.
Дзядзька Янка! Вы ўмелі прывеціць гасцей,
Паважалі сябрыну, любілі бяседу.
Хай жа з розных краёў і зямель найчасцей
К нам на святы сябры вашы едуць!
Дзядзька Янка! Мы выйшлі з бядот і нягод,
Ды нягоды ў стагоддзях нас не згубілі.
І жыве родны край, і жыве наш народ,
Які вы гэтак шчодра любілі.
Дзядзька Янка! У свеце між іншых краёў
Многа шчырых сяброў Беларусь наша мае,
Беларуская мова ў сям’і дружнай моў,
Як руплівая птушка, лунае.
Дзядзька Янка! Мы ўнукам раскажам, зямлі,
Каб нашчадкам яны перадалі:
Мы шчаслівыя, мы на Купаллі былі —
Мы былі на стагоддзі Купалы!