Яны аж прагнуліся ад навін
Ледзь не да снегу — халоднага пуху.
Шэпчуць ціхенька штосьці слупам,
А тыя, развесіўшы вушы, слухаюць:
— Што, на вяселле?
— Не, на наваселле
Просім!
Яны гэтак беражна перадаюць,
Нібы само немаўлятка,
Весткі, што нехта ўжо дзедкам стаў,
А нехта зрабіўся бабкаю:
— Што, унучка?
— З унукам за ручку —
Двойня!
І раптам вестка — буйная сляза
Пакацілася ціха па провадзе...
Замоўклі, задумаліся правады.
— Што? Не чуем! Што вы гаворыце?!
— Глядзі ты—смерць...
— Няўжо смерць?
Не можа быць...
Маўчаць правады. А з другога канца
Даўно ўжо голас хвалюецца,
Прыспешвае радасцю правады:
— Алё! Няўжо вы там пазаснулі ўсе?
— Што, наваселле?
— Ды не — на вяселле
Клічам.