Як чаканне,
доўгае дрэва —
Ніяк да гнязда не дайсці,
Хочаш не хочаш —
заблудзішся
У яго несхадзімым лісці.
А побач — пранізліва сочаць
За табою каціныя вочы.
І трэба ж было адысціся так —
Далёка цяпер уцякаць...
А крылы
адно замінаюць,
Калі ты не ўмееш лятаць.
І хочацца, хочацца плакаць —
Побач каціныя лапы.
Цяпер трэба, мусіць, трымацца
І бацькоў клікаць,
каб памаглі...
Спатыкнулася
і паляцела
Спалохана
ўніз
між галін.
Праляцела — так удалося —
Пад самым каціным носам.
Хутка зямля...
Ды нешта не падае
Яно на тую зямлю.
І крылы ўжо не чапляюцца —
Усё далей ад дрэва нясуць,
Дзе кот з раскапцюранай лапай
Ад злосці гатовы заплакаць.