Руская балада-легенда. XIX стагоддзе
Хто я такі?
Пустэльнік, вязень тайгі сібірскае,
Які ахвяруе самохаць сябе гэтай белай цішы.
Вось мая келля самотная,
што ўночы акенцам бліскае,
А ля мяне навокал — апроч звяроў — ні душы.
Я толькі што снег расчысціў — бач,
як завея сцелецца! —
Дроў накалоў смалістых, у келлю бярэма ўнёс.
І доўга ў ёй пахла снегам,
марозам і пругкай мяцеліцай,
Пакуль аганёк, нарэшце,
паміж смалякоў не прарос.
Паліцца грубка весела...
Толькі падкідваю дровы я.
Снежань...
Як хораша думаць мне каля грубкі такой!
І ў мяне гасцюе мінулае — адолела далі кедровыя!
Божухна! Гэта ж сёння дзень нараджэння мой.
Там, у царскіх пакоях,
святочна рыпяць, мусіць, дзверы ўсе,
Там збіраюцца, пэўна, як свята,
мой дзень адзначаць,
А ў мяне тут ціха, спакойна...
І ўсё-ткі дзіўна, ці верыце,—
У сорак восем памёршы —
восьмы дзесятак страчаць.
Хто я такі?
Я старац, Фёдар Кузьміч... Пустэльнік,
Які сам сябе тут, на заімцы, у келлю-турму запёр...
А я ж — імператар, людзі.
Каб зналі — здзівіліся б вельмі,
Што я — Аляксандр Першы,
той, што раптоўна памёр.
Я нарадзіўся ў Зімнім.
І маё нараджэнне багатае
Адразу ж, з пялёнак,
зрабіла мяне як быццам святым.
Усе навакол несумленныя,
усе навакол вінаватыя,
І толькі адзін харошы,
сумленны і чысты — ты.
Што я ні скажу — як хораша!
Што я ні зраблю —
як правільна!
Згінаюцца, запабягаюць —
нібы перад імі Гасподзь
Я знаю:
пад Аўстэрліцам бітва была правалена,
Таму што ніхто не асмеліўся
мне слова сказаць насупроць.
Людзі шукаюць святога,
я імі таксама быў створаны.
Я пахвалю — яны рады,
аблаю — ходзяць, як ноч.
І мае міністры, прыдворныя — чорныя,
чорныя вораны —
У рот мне глядзяць аддана,
не зводзяць з мяне сваіх воч.
Хто ж я такі,
каб пакідвацца вашымі лёсамі, бедамі,
Хто ж я такі,
урэшце,
каб вашым сумленнем быць?!
Што я забойца бацькі,
вы, падданыя, ведалі,
Але і нават на гэта усе спрабавалі забыць.
Вось тады і пачаў мне сніцца бацька мой — ціхі,
пакорлівы.
Прыйдзе,
здаецца, сядзе побач са мною ён.
І яго журботныя вочы
гэтак жа сумна-дакорліва,
Тужліва і доўга ўглядаюцца ў свой
(у мой ужо!) трон.
І мне захацелася скінуць
цяжар мае святасці царскае,
І мне ўцячы заманулася ад усяго, ад усіх...
І тады ў Таганрозе памёр гасудар
з паставай гусарскаю,
А ў томскай тайзе з’явіўся
на цара так падобны мніх.
У дзікай тайзе акенца — як вока ваўчынае,
белае...
Ціха... Снег зарыпеў пад валёнкамі...
Хтосьці ідзе да агню...
«У імя айца і сына...» —
малітва гучыць скачанелая.
Хтосьці прыйшоў на параду.
Пайду я яму адчыню.
Ах, людзі! Якія ж вы дзіўныя.
Вы самі святых ствараеце.
Прагнеце,
каб хоць нехта быў над вамі уладаром.
Ідзяце да мяне па марозе.
І ў мяне развагі шукаеце —
У таго, хто не змог вас разважыць,
будучы нават царом.