Радня крылатых птушак — самалёты
На цёплай і прыветлівай зямлі
Настойліва шукаюць свае гнёзды —
Бяссонныя аэрадромы.
Яны людзей вяртаюць з розных выраяў:
Палярнікаў — з халоднай, снежнай поўначы,
Адпускнікоў — з ласкавых пляжаў поўдня
Вязуць дадому.
Гудуць вясёла ў небе самалёты,
Спакойна распластаўшы свае крылы,
Спакойна абганяючы аблокі
І хуткіх птушак.
І толькі на сваім аэрадроме
Ім хочацца, як птушкам, скласці крылы
І галаву стамлёную схаваць
Пад цёплае крыло.
І натапырыцца, і сцішыцца, як птушкам,
Каб перадумаць цяжкую дарогу,
Ў якую ім і заўтра на світанні
Збірацца зноўку...