Руская балада. XVII стагоддзе
— Пазнасіў снапы, мой ты добры муж,
З нашай постаці — што на жабін скок,
Змалацілі іх мы у два цапы,
Потым цэлы дзень жорны шоргалі —
Гэта ў дзве рукі млён круцілі мы
І так хораша мілаваліся:
Вусны пахлі ў нас жніўнем сонечным,
І саломаю, і зярнятамі,
І мучыцаю пытляванаю...
А цяпер бывай, мой ласкавы муж:
За спіною ў нас — холад ростані...
— Што гаворыш ты? Што ты ўздумала?
Чым, скажы хутчэй, я ўгнявіў цябе?
Можа, быў з табой я няласкавы,
Можа, вочы меў дужа колкія,
Можа, ласка рук была грубая,
Можа, вусны мае — схаладалыя,
Што марозяць цвет, нібы летнікі?
— Не кажы ты так, мой жаданы муж:
Твае вочы мне — сонца ўскотнае,
У руках тваіх няма грубасці,
Вусны спелыя — гэта ягады,
Што на сонейку выграваюцца...
— Ну, а можа, ты закахалася
У каго-небудзь — скажы шчыра мне.
Я няволіць сам і не ўздумаю,
Бо я ведаю, што на двух дзяліць
Сваю ласку ты век не ўздолееш.
— Як ты думаць так мог, мой сокале?!
Ты, харошы мой,— на ўвесь свет адзін.
— Дык а што ж тады разлучае нас?
— Ты прадай мяне, мой ласкавы муж,
Закладзі мяне багачу ў заклад,
А купі сабе каня спраўнага,
Паспяшай у раць Кузьмы Мініна —
Згані ворагаў з нашай Русь-зямлі,
Што ў палоне ўся нецярплівіцца...
А як вернешся з перамогаю,
Прадасі каня — мяне выкупіш.
Не паспееш ты даць «дабрыдзень» мне,
Як цябе, мой свет, зацалую я.
Зажывём з табой мы, шчаслівыя,
Будзе жыта ў нас — гоман гоманам,
Будзе хата ў нас — з сосен жоўценькіх,
А у хаце ў нас — дзетак загучна,
А у клеці ў нас — жыту зацесна,
А у місе ў нас — скварак загуста,—
Вось тады ўжо ды дамілуемся,
Будуць вусны ў нас пахнуць, як цяпер:
І саломаю, і зярнятамі,
І мучыцаю пытляванаю...
Дык бывай, мой муж, сокал ласкавы!
Я сама б пайшла за табою ў раць,
Толькі два кані як жа купім мы?
Лепш прадай мяне...