Месяц у поўныя росы глядзіцца,
Вецер ледзь чутна у лісці шапоча.
Сённяшняй ноччу нікому не спіцца,—
Каму ж пажадаеш добрае ночы?
Чутна, на возеры плёскаюць вёслы —
Дзяўчаты з хлапцамі наслухацца хочуць,
Аб чым салаўі спяваюць за вёскай;
Навошта яно тут — «добрае ночы!».
З кветкі упала расіна са звонам,
Кветка пялёсткамі выцерла вочы...
Ніхто ж салаўю,
яго песні бяссоннай,
Сказаць не асмеліцца: «Добрае ночы!»