Беларуская балада. ХХ стагоддзе
На папялішчы, на пачарнелым
Яна сядзела — жанчына ў белым;
На чорнай пляме відна здалёку,
Нібы цяпельца ў халодным змроку,
Ля галавешак — былога ганка —
Сядзела ў одуме партызанка.
А навакола вясна буяла,
Трава пад попелам бушавала,
Трава рассоўвала ўбок вуголле —
Жыццё ірвалася зноў на волю.
І ўжо фашыстаў — нідзе, нікога,
Ідзе, вяселіцца перамога,
І ёю пахне усё на свеце:
Лісцё і неба, зямля і вецер,
І папялішча, дзе каля ганка
Сядзіць у одуме партызанка.
А на каленях — дзіцячай жменькай
Ляжыць вузельчык, такі маленькі,
Дзе знемагае ўжо столькі летаў —
Сяўбы чакае насенне кветак:
У садку сваім семя тое
Яна сабрала перад вайною
І з таго часу з сабой заўсёды
Яго насіла ва ўсе нягоды,
Як талісман той блюла на радасць:
З ім прахадзіла яна блакады
І праз балоты яго, сухое,
Як порах, несла над галавою —
Збудзіць баялася ў ім, ціхмяным,
Бучную сілу жыцця зарана.
Бо калі зерне ды прарастае,
Хто ў вузялочку яго ўтрымае?!
Яна развязвала дужа рэдка
Вузельчык гэты, дзе млелі кветкі
Упершыню яго развязала.
Калі мужа свайго хавала —
У маёвае тое ранне
Сябры прынеслі яго з задання...
Закрасаваліся на магіле
Зноў кветкі тыя, што так любілі
Іх даваенны гарод, каторы
Яны, звязаныя нават, снілі...
Тады ў вузельчык сыпнуўся порах
(Яна набоі рабіла мальцам,
І парашынкі прыліплі к пальцам).
А ў другі раз насенне брала,
Калі сына свайго хавала —
Яго прывезлі з цяжкога бою
З ацежалелаю галавою...
Зачырванелі над хлопцам макі...
А ў вузел трапіў панюх табакі
(Крышыла маці табаку мальцам,
І парашынкі прыліплі к пальцам).
А ў трэці раз яго развязала,
Калі дачушкі малой не стала,
Яе заняньчыў касцісты голад —
Яна памерла ў блакадны холад.
І засталося дзяўчо ў той выспе,
Над выспай кветак гародчык выспеў,
А ў вузялочку запахлі крошкі.
(Дзяўчынка хлеба прасіла трошкі,
Збіралі крошкі ўсе па кішэнях,
Сабралі крошак цэлую жменю,
Ды толькі позна — дзяўчо згарэла...)
Таму сягоння на пачарнелым
На папялішчы вясновым ранкам
Сядзіць самотная партызанка...
А з вузялочка, што у прыполе,
Зярняты прагнуць упасці долу —
Як цягне, цягне іх да зямліцы,
Каб абудзіцца, праз дзёрн прабіцца!
Вось партызанка ўзнімае вочы,
Яна развязвае вузялочак,
Нібы пупышка — набухлы гэткі...
— Ўзыходзьце, кветкі, буяйце, кветкі!
Не асыпайцеся вы ніколі —
Перамажыце той чорны колер,
Які зялёным, вясновым ранкам
Сустрэў няветліва партызанку.
А калі можаце — хоць бы трошкі!—
І вы ўзыдзіце, хлебныя крошкі.
Як будзе голад — і ўдзень і ўночы
Хай лазяць дзеці у мой гародчык!
Яшчэ прашу я — ўзыходзь, табака!
Я зацягнуся табой са смакам,
Бо я прывыкла курыць задужа —
Куру за сына, куру за мужа...
І толькі порах — мой даўні вораг,
Не узыходзь, не дамешвай гора!
Звяжыце моцна яго, карэнні,—
Хай задыхнецца ў зямных скляпеннях...
На папялішчы на пачарнелым
Яна хадзіла — жанчына ў белым...
На чорнай пляме відна здалёку,
Нібы цяпельца ў халодным змроку.
Ля галавешак — былога ганка —
Кветкі сеяла партызанка.