epub
 
падключыць
слоўнікі

Янка Сіпакоў

Тое лета

Ён спаволі правёў далоняй па вусах, задумліва ўгледзеўся кудысьці ўдалячынь, за сцены пакоя, у цемру начнога акна, сцішыўся, засяродзіўся, нібыта нанова ўспамінаючы тое, што яго так усхвалявала, узрушыла, затым узяў у руку аловак, пакруціў у пальцах, каб знайсці яму зручнейшае месца, і, нагнуўшыся над папераю, хутка, як усё роўна спяшаючыся, запісаў:

«Гэта было ў ноч з 6 на 7 ліпеня (панядзелак-аўторак)...»

Сюды, у Стары Крым, Максім Багдановіч прыехаў на ўсе лета - гарадок гэты непадалёку ад Феадосіі, які мясціўся паміж Аргамышаў, дзвюх зялёных, зарослых лесам гор, лічыўся як не раем для хворых на сухоты. Само паветра тут было гаючае - стэпавае, горнае, лясное, яно нязмушана ядналася з марскім - да мора ж усяго толькі нейкіх пятнаццаць вёрст! - і таму дыхалася ім вельмі лёгка.

Гэта адчуў ён яшчэ ў дарозе, калі ў зялёнай рыпучай паштовай карэце ехаў па стэпу, любуючыся палявымі макамі, што раслі наўзбоч, радуючыся цёпламу, прыемнаму ветрыку, які лашчыўся да твару і да рук. А прыехаўшы на месца, ён ужо і зусім уздыхнуў на поўныя грудзі - як лёгка і хораша тут дыхаецца!

Дзеля гэтага Максім і прыехаў сюды. Тая незразумелая хвароба, што нечакана прычапілася да яго два гады назад, калі тэмпература ні з таго ні з сяго падымалася раптам да 40°, а 39,5° было кожны дзень («на што я хварэў, чорт яго ведае»), аказалася дужа зразумелаю: сухоты.

Юнак адразу ж растварыўся сярод дзвюх соцень такіх, як і сам, «курортных», што кожнае лета прыязджалі сюды па здароўе.

Гарадок быў ціхі, спакойны, жыццё ў ім плыло соннае, наіўнае, нібы запаволенае - ва ўсім адчувалася марудлівая паўднёвая лянота.

«Курортныя» жылі ў прыватных пансіянатах і на дачах, якія знаходзіліся на ўскраіне, бліжэй да гары Аргамыш - у свае дамы лёгачнікаў людзі не бралі, разумеючы, якую небяспеку могуць прынесці ім хворыя.

Лячэнне таксама было незвычайнае - проста дыхаць. «Курортныя» ляжалі ў гамаках у садах, пад дрэвамі і дыхалі. Ад гэтага змушанага гультайства жыццё гарадка здавалася яшчэ больш запаволеным і ляным.

На адной з такіх дач жыў і Максім Багдановіч. Многія даследчыкі сыходзяцца на тым, што гэта хутчэй за ўсё быў пансіянат удавы армейскага палкоўніка Дар'і Цімафееўны. Высокі дом з бельведэрам, з разным карнізам, з прасторнаю тэрасаю, на якой госці гаспадыні нярэдка гулялі ў прэферанс. За домам быў сад, дзе раслі слівы, вішні, грэцкі арэх, алыча, чарэшні.

Прымацаваў сабе гамак і Максім. Ён цэлымі днямі ляжаў у садзе пад чарэшняю. Глядзеў на горы, любаваўся імі. Дыхаў, чытаў, думаў.

Які ж ён быў тут адзінокі! «Знаёмых у мяне няма», - праз дзень пасля прыезду запісаў Максім у дзённік. І нават у такой, здавалася б, люднай грамадзе «курортных» ён зноў жа быў сам па сабе, самотны.

Увечары, калі спадала спёка, часам выходзіў на пыльную Екацярынінскую вуліцу, якая ішла праз увесь горад і з'яўлялася як бы сваім Неўскім праспектам, - на ёй збіраліся і «курортныя», і мясцовая моладзь, там былі крамы, кафейні, бузні.

«А ўночы, - напіша потым Максім Багдановіч у сваіх «Летніх уражаннях», - вяртаючыся па апусцелых вуліцах дадому, пачуеш за садоваю агароджаю ажыўленыя галасы, жаночы смех, на асветленай тэрасе ўбачыш здалёку некалькі постацей, - і, як заўсёды, харошы смутак хлыне ў душу, здаецца, што твае дні неяк працякаюць між пальцаў, нічога не даючы і нічога не пакідаючы, а вось тут так блізка, за гэтаю агароджаю, жывое жыццё і жывое шчасце».

Жывое жыццё і жывое шчасце... Вось пра гэта, мусіць, і думаў ён, лежачы ў гамаку пад чарэшняю.

Было лета 1915 года. І Максіму амаль дваццаць чатыры гады! Самы час думаць і пра жыццё, і пра шчасце.

Вось тады ён і ўбачыў яе. Вочы вылучылі з усяго натоўпу «курортных» менавіта Клаву, душа чамусьці сама прыгарнулася да яе, яшчэ незнаёмай, а сэрца згадзілася: «Яна!»

Ёй ішоў дваццаць першы год. Смуглявая, падобная на ўрубелеўскую «венецыянку». Хворая на тую ж хваробу, што і ён...

Ён пазнае яе крокі, калі яна прабягае па тэрасе, ён прыслухоўваецца, хоча часцей чуць яе голас, яе смех, але яна пазбягае яго, трымаецца ўбаку. То яна з некім іншым, не ўзяўшы яго з сабою, ідзе ў сінема, то яна кагосьці іншага запрашае ў кафейню, то яна без Максіма едзе на экскурсію. А ён тады адзін сноўдаецца па садзе, па гарадку, чакае, перажывае і пакутуе - хто падае руку ёй, калі экскурсанты ўзбіраюцца на Аргамыш, хто падтрымлівае, калі яны спускаюцца ў сталактытавыя пячоры?

Што гэта - рэўнасць? Максім раўнуе жанчыну, якой не ведае? Максім закахаўся? А як жа тады Вераніка? «Чым болі сходзіць дзён, начэй, тым імя мілае вышэй»? А як жа тады Аня Кукуева, сястра яго сябра Рафаіла, Яраслаўка, прыгожая дзяўчына, у якую Максім закахаўся ў апошнія гімназічныя гады? «Толькі чаму ж гэта ў ночы глыбокія, даўшы спачынак стамлёным вачам, я шапчу цераз сны адзінокія: «Аня... мая... нікаму не аддам»?

Ды і сама Клава - замужняя жанчына. Да яе толькі што прыязджаў муж, і Максім бачыў, як у тыя дні гарэлі, свяціліся ў яе вочы.

І ўсё ж Максім горнецца да яе, яшчэ не ведаючы, што гэтая жанчына стане яго радасцю і яго смуткам. На доўгія, на кароткія некалькі летніх месяцаў. Не ведае ці робіць выгляд, што не ведае, і наіўна, нібы не супастаўляючы нічога, запісвае:

«Прыходзіць амаль у 12 гадзін Клава з горада з 2 праваднікамі. Развіталася і да сябе пайшла. А праз хвіліну вярнулася, кажа: «Оля дома?» - «Не». - «Тады пагуляем». Пайшлі ўздоўж агароджы па дарозе, дзе ніхто не ходзіць. Прайшлі далей...»

А што сам Паэт? Як яго пакланенне Мадонне, Жанчыне? Засталося ці змянілася?

Не, пакланенне засталося. Толькі зараз яно ўжо набыло новыя адценні, новы сэнс.

Раней у жыцці і паэзіі былі хлапчук і дзяўчынка. Ён мог прызнавацца ў каханні і рамантычна марыць, каб, да прыкладу, толькі дакрануцца рукою да яе рукі. Быў Юнак і Мадонна - далёкая і недасяжная.

Тут ужо - мужчына і жанчына. Менавіта мужчына і жанчына. І яны ведаюць усё, што наканавана ім прыродаю. Прырода сама падштурхвае іх адно да аднаго, нецярпліва з'ядноўвае іх позіркі, іх словы, іх рукі - у мужчыны і жанчыны, яна ведае, застаецца вельмі мала часу.

«Калі быў на поўдні (1915), - успамінае А.Цітоў, сябра М.Багдановіча па яраслаўскай газеце, - Максім Адамавіч сустрэў даму і пакахаў яе, але, на жаль, - расказваў ён, - гэтае каханне прынесла яму шмат засмучэнняў, і, магчыма, гэта адбілася на здароўі, яна была замужняя, і яны не маглі з ёй жыць разам».

Але ж тут, гэтае лета, яны побач.

Зараз ужо, мне здаецца, яны разам ездзяць і на экскурсіі - па тых падарожжах, пра якія напісаў Максім Багдановіч, адчуваецца, што побач была і жанчына: для таго каб экскурсія не доўжылася, не здавалася сумнаю, трэба, абавязкова трэба, каб сярод экскурсантаў быў нехта, кім ты ўсю дарогу мог бы любавацца і апекавацца, і каб таксама быў побач нехта, хто б цікавіўся табою.

Скажам, паход з правадніком у Кізільташскі манастыр на Аргамышы. З гары на гару, са сцежкі на сцежку. Але дарога спадабалася, ішлі па калені ў гразі. «Нашы спадарожніцы адтапталі падэшвы ў чаравіках і ідуць па халоднай гразі босымі нагамі». Такое хутчэй заўважыш, калі сярод спадарожніц ёсць тая, каму ты сімпатызуеш, за каго хвалюешся і каму хочаш памагчы.

Чамусьці мне вельмі хочацца, каб Клава была і на той драбіне - вялікіх і высокіх калёсах, якія «курортныя» - чатырнаццаць душ! - нанялі, каб з'ездзіць да мора, у Кактэбель. Была, і мне зноў жа хочацца верыць у гэта, і на вёсельным баркасе, на якім экскурсанты плавалі ўздоўж Карадага. Разам яны, як аднымі вачыма, любаваліся дэльфінамі, што дурэлі вакол баркаса, разам збіралі ў «Сердалікавай бухце» прыгожыя каменьчыкі, насцярожана маўчалі, слухаючы цішыню мора пад прамытаю ў скале аркаю «Залатых варот».

Мне здаецца, што так яно і было. І хоць няма ніякага пісьмовага пацверджання, мне ўсё ж думаецца, што ў гэтым падарожжы яны ўсюды былі разам. Толькі, можа, акрамя пляжа, калі купаліся, - сам Максім запісаў ва ўспамінах, што «тут купаюцца, па дачнай прастаце, без касцюмаў», і таму мора, канечне ж, прымала іх паасобку.

Максім, здаецца, быў радасны і вясёлы. Пасля соннага Старога Крыма яму ўсё падабалася ў Кактэбелі, усё цешыла. Дзе падзеўся яго змрочны настрой, з якім ён нядаўна ехаў сюды, на паўвостраў! Яшчэ ў цягніку, толькі ўбачыўшы мора, ён прамовіў жудасныя, як прадчуванне, словы, ад якіх і сёння душы робіцца зімна: «Дзень добры, мора, гатовыя на смерць вітаюць цябе!» (Гэта змененае, крыху перайначанае славутае прывітанне гладыятараў, якім яны сустракалі Цэзара.)

Але настрой гэты Максімаў змяніўся, палепшыўся, - і, мне здаецца, не без уплыву жанчыны.

Яны ўжо разам дыхаюць у садзе. Магчыма, іхнія гамакі вісяць недалёка адзін ад аднаго, магчыма, і зусім побач. «У наступны дзень сядзелі з Клаваю ў гамаку і вялі неасцярожныя размовы». Размовы гэтыя робяцца ўсё больш нязмушаныя, вольныя, нават фрывольныя.

Сваімі намёкамі іх даймае Оля, меншая Клавіна сястра, якая жыве ў гэтым пансіянаце. Закаханыя гавораць пра ўсё - пра жанчын, мужчын, немаўлят, нават пра такія інтымныя рэчы, як цяжарнасць. Каб гаварыць пра апошняе, трэба, думаецца, давер паміж мужчынам і жанчынай. Значыць, такі давер у іх быў ужо! Максіма вельмі хвалявала гэтая тэма. Ён на той час меў цэлы цыкл вершаў пра нараджэнне дзіцяці, пра вагітных (так ён называў цяжарных жанчын), якія, прасветленыя і шчаслівыя, з гонарам, аніяк не саромеючыся, нясуць перад усім светам свой скарб.

«Ціха ідзеш ты, у нетрах дзіцёнка хадою калышаш, цёмнай і цёплай яму служыш калыскай цяпер».

«Як хораша, калі дзіцё пад сэрцам ціха зварухнецца. Больш за ўсё на свеце жадаю я, каб у мяне быў свой дзіцёнак - маленькая дачушка-немаўлятка, Аня Максімаўна, такая прыгожанькая, з чорнымі валосікамі і броўкамі, з цёмна-карымі вочкамі, а ручкі, як перацягнутыя ніткамі...»

Канечне ж, Максім, як і раней сваім сябрам, гаварыў Клаве і пра сваё выпакутаванае, вечнае.

- Я вельмі люблю бачыць цяжарную жанчыну і заўсёды з глыбокай пашанай гляджу на тую маладзіцу, якая рыхтуецца прынесці на свет чалавека. Сапраўды, яна ажыццяўляе найвялікшае прызначэнне жанчыны.

Максім марыў пра сваё дзіця. «Дзіцёнку я аддам жыццё...» Ён быў ужо мужчынам. Але хутчэй за ўсё разумеў, што немаўляткі ў яго так і не будзе...

Ён таксама марыў пра сям'ю. Памятаеце тужлівае:

 

Вось пара мне дадому збірацца, -

Вечар позны, а час не стаіць.

Ах, калі б ты магла здагадацца,

Як не хочацца мне ўхадзіць.

 

Хоць недзе і іранізуе з сямейнага жыцця. Памятаеце, у лістах А.Чэхава ён знаходзіць і, здаецца, з усмешкаю цытуе яго словы:

«Я ажаніўся. Але ў мае гады гэта неяк незаўважна, быццам лысінка на галаве».

І ўсё ж ён сумаваў па сямейным, утульным жыцці. Сумаваў па жанчыне. Так, не па дзяўчынцы, не па мадонне, а па звычайнай, зямной жанчыне, якую толькі каханне робіць незвычайнаю.

Такою жанчынаю ў тое лета прымроілася яму Клава.

Чамусьці думаецца, што мужчынам ён стаў менавіта там, у Старым Крыме. Хоць ужо быў гатовы да гэтага нашмат раней.

«Клава села мне на калені, цалуемся».

Памятаеце яго захопленыя разважанні пра жаночую красу ў эцюдзе «Мадонны»? Маўляў, ёсць толькі два бакі жаноцкасці - нявіннасць і мацярынства. І калі мужчына пакланяецца жанчыне, то ён схіляецца альбо перад яе цнатлівасцю, альбо моліцца на яе мацярынства. А трэцяга няма, не дадзена. Мастакі, праўда, спрабавалі, прагнучы жаночай цэласнасці, зліць у адно два гэтыя бакі - цнатлівасць і мацярынства, каб знайсці вобраз найвышэйшай прыгажосці. Але не заўсёды гэта атрымлівалася. З'яўлялася такая жанчына, якая нам, гледачам, бачылася дзяўчынкаю, у прыполе якой невядома чаму і навошта сядзіць дзіця... Але ж за стагоддзі аднекуль з самай глыбіні свядомасці ўзнікала і такая дзяўчынка, на руках у якой не было дзіця, але ж усе мы бачылі - яно ёсць! Яна - жанчына, маці, хоць яшчэ і такое дзяўчо...

Яшчэ нядаўна Максім прызнаваўся, што гатовы цалаваць сляды на асфальце, па якім прайшла каханая. Яшчэ нядаўна ён перажыў вялікае ўзрушэнне: «І тое, што тады зрабілася, знянацку выйшла, але ўраз». А «зрабілася» шмат - ці то юнак пацалаваў каханую, ці то ўсяго толькі дакрануўся да яе рукі... Але ж на гэты час у Максіма Багдановіча быў ужо санет, напісаны летась:

 

Прынадна вочы ззяюць да мяне;

Чароўна усміхаючыся, губы

Адкрылі буйныя бялеючыя зубы...

Ласкавы шэпт... Гарачай хваляй мкне

Кроў к сэрцу маяму. Мана ўсё або не?

Ці верыць мілым абяцанням Любы?

Мо гэта жар, пылаючы для згубы,

Хавае сцюжу пад сабой на дне?

 

А яшчэ раней пра такі «любоўны крык» семнаццацігадовы Максім Багдановіч пісаў:

 

І цела гібкага шалёнасць, ізвіванне,

І п'яны, душны пах...

 

О, ён ужо ведае самае галоўнае прызначэнне жанчыны на зямлі:

 

Каб семя бурнае муское

У нетрах цела пахаваць.

 

Каб нарадзіць чалавека! Каб нарадзіць Мадонну Максімаўну, якая зноў народзіць дзіця...

Ёсць рэчы, якіх чалавек у сваім штодзённым жыцці не заўважае, хоць жыць без іх і не можа. Скажам, паветра, патрэбу дыхаць. Ён проста дыхае, не задумваючыся над тым, як гэта робіцца, як адбываецца. А робіцца яно само сабою. Як, да прыкладу, проста так, звычайна ўзрадаваны чалавек магчымасцю глядзець. Вочы адкрытыя, кожны мае шчасце бачыць усё, што дзеецца вакол яго.

Да такіх жа радасцяў, мне здаецца, адносіцца і звычайна-незвычайная прага вызваліць з небыцця і нарадзіць чалавека...

А захапленне, замілаванне, закаханасць паміж Ім і Ёю тым часам вырастае ў нешта вялікае і непераадольнае. Ужо нічога нельга спыніць, перайначыць.

«Адчуваю, што ў гэтую ноч, - запісвае Максім у дзённіку, - я вазьму Клаву, і галоўнае, што яна сама таксама ведае гэта».

Хачу ўявіць тую ліпеньскую ноч. Якая яна была? Як заўсёды, задушлівая, бязветраная, з нізкім цёмным небам, уся ўсыпаная вялікімі, буйнымі і выразнымі зорамі, што віселі зусім нізка, над самаю галавою, ці, наадварот, крыху прахалодная, нават зябкая, якімі часам, хоць зрэдзь калі, але ўсё ж бываюць ночы і на поўдні.

І злуюся на самога сябе - навошта табе гэта? І праўда - навошта? Якая розніца, якой была тая ноч - халоднаю ці цёплаю. Яна для іх была сваёю.

Максім, нахіліўшыся над каханай, у якой вось зараз увасобіліся для яго ўсе мадонны свету, уся жаночая прыгажосць, дабрыня, ласка і цнатлівасць, наіўнасць дзяўчынкі і дасведчанасць жанчыны, цалуе Клаву ў вусны і шэпча:

- Мы ж кахаем... Дык чаго ж...

І тут жа, нібы вар'яцеючы ад падатлівасці яе вільготных, даверлівых вуснаў, ад паху яе валасоў, ад ласкавага позірку яе вачэй, ён як не крычыць:

- Будзь маёй! Стань маёй!

Пра Максіма Багдановіча ў чытача, вядома, даўно склалася сваё ўражанне - ціхі, спакойны, нясмелы, сарамяжлівы. Ледзь не з дзявочым характарам - такі сарамлівы. Маці яго, жанчына вельмі эмацыянальная, яшчэ цяжарная, хацела, каб нарадзілася дзяўчынка, і таму яна, не ўмеючы адмовіцца ад свае мары, апранала нейкі час Максіма як дзяўчо, - памятаеце, на рэдкім фотаздымку, які захаваўся, Максім стаіць у такой ужо прыгожай дзявочай сукеначцы...

І вось гэты сарамяжлівы хлопец, які толькі і маліўся на жанчыну, раптам робіцца такім жа, як і ўсе мужчыны, уласнікам, нават драпежнікам і крычыць: «Будзь маёй! Стань маёй!» Ці не разбурэнне гэта вобраза Максіма Багдановіча, да якога мы ўсе прывыклі? Не! Наадварот, гэта яго лагічнае завяршэнне, гэта вяртанне да цэласнасці, дзе яднаецца ў адну асобу паэт і чалавек, юнак і мужчына, пясняр жаночай красы, цнатлівасці і проста закаханы...

Ён ніяк не можа зняць сваю сарочку. Хвалюецца, спяшаецца, мітусіцца. Клава дапамагае яму - расшпільвае гузікі. О, гэтыя ласкавыя жаночыя пальцы, якія датыкаюцца да тваіх гузікаў, да тваёй сарочкі і, выпадкова саслізнуўшы, дакранаюцца і да твайго цела, нібы апякаюць яго!

Потым ён здымае яе сукенку. Нявопытны, хоча сцягнуць яе да ног.

- А ты паспрабуй зняць праз галаву, - падказвае Клава.

О, гэтая ні з чым непараўнальная радасць адчуваць кончыкамі пальцаў далікатнае, пяшчотнае жаночае цела, якое ўсё імкне табе насустрач!

- Будзь маёю! - яшчэ больш настойліва шэпча Максім.

- Я хачу цябе! - таксама шэптам кажа Клава, і ён, узрушаны, ловіць вуснамі яе гарачае дыханне, яе словы: - Я хачу цябе!

Пасля ён усё ж спытаецца:

- Чаму ты ўвесь час пазбягала мяне? Чаму старанілася?

- Максім, я б сама аддалася табе, але ж баялася - ты такі страсны...

Дзе ж яна дзелася, Клава? Растварылася ў паўдзённай смузе, згубілася між сонечных зайчыкаў, паляцела разам з цёплым ветрыкам, які выплыў з-за Аргамышаў і паспяшаўся далей? Аднекуль яна выпадкова з'явілася тут і некуды назаўсёды знікла.

Ці ўспамінаў яе Максім?

 

Забудется многое, Клава,

Но буду я помнить всегда,

Как в сердце шипела отрава

Любви, и тоски, и стыда, -

Тебя в темно-синем платочке

И песню, что пела мне ты:

Прошли золотые денечки,

Осталися только мечты.

 

Што гэта было? Каханне? Захапленне? Цікавасць? Хваляванне? Замілаванне? Сонечны апёк? Не ведаю, не ведаю.

Ды, урэшце, назавіце перажытае пачуццё як хочаце - не гэта самае галоўнае. Галоўнае тое, што яно было. І яшчэ чамусьці мне думаецца, што такое ўзрушэнне ён перажыў упершыню.

«Гэта было ў ноч з 6 на 7 ліпеня (панядзелак - аўторак)».

Каб такое запісаць, трэба многае, вельмі многае перажыць, многае адчуць і многаму здзівіцца.

Дык хто ж яна была для яго, гэтая Клава? Яго мадонна ці распусніца, цнатлівая дзяўчынка ці зямная грэшная жанчына, якая магла б стаць маці для яго, можа, і ненароджанага дзіця? Таксама не ведаю, але мне зноў жа здаецца, што яна была ў нейкім трэцім вымярэнні, якое якраз і яднае цнатлівасць з грэшнасцю.

Радасцю ці смуткам была Клава Салтыкова для Максіма Багдановіча? І тым, і другім. І ўсё ж вельмі хочацца спадзявацца, што ён, не зважаючы на сваю журбу і розныя непрыемнасці, сагрэты жаночаю ласкаю, быў тое лета шчаслівы...

Да траўня трагічнага семнаццатага года, калі ён таксама з Крыма, але на гэты раз з Ялты, паміраючы ўжо («аслабеў я...», «пайшла кроў дні на чатыры...», «хадзіць стала цяжка...», «з ложка ўжо не ўстаю...»), напіша бацьку: «Дзень добры, стары верабей. Маладому вераб'ю блага», заставалася меней за два гады.

Дык, можа, якраз гэтая загадкавая жанчына і трапілася яму на апошняй дарозе, менавіта каб абагрэць і аблашчыць яго, самотнага і засумленага, такога адзінокага ў натоўпе, каб вялікі юнак не панёс з сабою ў магілу вялікай таямніцы жыцця, так і не спазнаўшы яе і не нарадаваўшыся ёю, не зведаўшы і не сустрэўшы тут, на зямлі, самай моцнай, самай цнатлівай насалоды - любіць жанчыну.

...Чарэшня, пад якою любіў сядзець Максім, прастаяла без яго, здаецца, яшчэ паўвека. Затым вецер, які раптоўна наляцеў з-за Аргамышаў, зламаў яе і кінуў на зямлю.

 

1993


1993

Тэкст падаецца паводле выдання: невядомае
Крыніца: невядомая