Травой траву ніколі не стрымаеш,
І ветрам ветру, мусіць, не спыніць,
І полымя не спаліш у агні —
Яно з агня яшчэ вышэй шугае.
Як вецер дзьме са зваблівага гаю,
Не трэба нам баяцца вышыні,
Рашуча ўсе сумненні адхіні —
Няма адчаю, калі так кахаеш!
І здрадзіўшы абвыкламу настрою,
І восень пераблытаўшы з вясною,
Хачу я ў тваіх травах патануць.
Усе часіны года у адну
З’яднаць. І там астацца ўдвух з табою,
Дзе сцежкі ведаюць цябе адну.