Ты кінуў слова ў мяне.
Цяжкое, нібыта камень,
Сагрэты ў даланях
Ці, можа, нават запазухаю...
Вось яно ляціць —
Чуеце, як свішча, гэтае слова-камень?!
Твае зубы сціснутыя.
Вочы — аж узрываюцца ад нянавісці.
А твар задаволены...
Ты з асалодаю абтрасаеш рукі,
Як чалавек, што ўрэшце
Паспяхова здзейсніў штосьці даўно-даўно задуманае —
Няхай сабе і брыдкае.
Камень імкліва вырастае
І на вачах павялічваецца ў памерах —
Відаць, так
Імкліва набліжаецца і вырастае Зямля
Для птушкі,
Якая праз секунду разаб’ецца аб засохлую дарогу.
Можа, адхінуцца?
Навошта!
Можа, пераняць гэты, нагрэты злосцю, камень
І кінуць яго назад —
Табе пад ногі?
Не варта!
Шкада толькі,
Што я не паспею —
Часу ж адна секунда —
Нават рассмяяцца
У твой пыхлівы твар...
Нічога, ты ўсё роўна абараняйся:
Я рассмяюся пасля —
Калі друзам і пылам ападзе ля маіх ног
Тваё слова-камень...