Усё менш інвалідных калясак
Пад цяжарам вайны рыпіць.
Сімвал нашага мірнага часу —
Дзве нагі,
Дзве рукі!
Усё рытмічней робяцца крокі,
Усё ўпэўненей ногі стаяць.
І радзей на праспектах шырокіх
Грукат мыліц рыплівых чуваць.
І цыгаркі дзвюма рукамі
Ужо круцяць сёння дзядзькі;
І ідуць даўно за плугамі
І сякеры трымаюць самі —
Дзве нагі,
Дзве рукі.
А нядаўна на трох хадзілі,
Спатыкаліся неўпапад.
І махаў тады, нібы крыллем,
Доўга мыліцамі салдат.
Паміраюць салдаты нашы,
Забіраюць калек вякі.
Сімвал нашага мірнага часу —
Дзве нагі,
Дзве рукі...
І таму, можа, з гэткаю ласкай
Немаўлятак песцяць бацькі;
І глядзяць трывожна ў каляскі,
Адкуль вырастаюць, як краскі,
Дзве нагі,
Дзве рукі...