Ах ты мора, бяскрайняе мора,
Столькі хваль — не злічыць на вяку.
Я ж пазнаць хачу ў хвалі каторай
Свае рэкі, што ў мора цякуць.
Можа, Свіслач мне тут адгукнецца,
Прыпяць плясне,— як рыба амаль...
А Аршыца да ног прыгарнецца —
Як заб’ецца ад радасці сэрца:
Я пазнаю яе паміж хваль.