Мы, нядаўнія лапы, робім складаныя рухі;
Мы, чалавечыя крылы,— звычайныя дужыя рукі,
Мы — нядаўнія лапы.
Мы так сёння песцім Зямлю, што абдзіраемся
самі,
Да крыві абдзіраемся яе ільдамі, лясамі, гарамі —
Так любім Зямлю...
Мы грэем яе, Зямлю, як грэе яйцо квактуха,
Каб з Зямлі чалавек праклюнуўся
і ў неба рукой пастукаў
Так грэем Зямлю.
Колькі работы тады мы каля немаўля свайго маем,
У бель аблачын загортваем, промнямі спавіваем —
Колькі работы!
Бо ў далёкім, глыбокім зазор’і
Чалавек апярэдзіць мару
А там яму будзе патрэбна кожная новая пара
Чалавечых рук,
Чалавечых крыл...