Ужо даўно на тым баку планеты
Сланечнік утрапёна круціць галавою —
Маленькі спадарожнік сонца
Спяшаецца за сонцам паспяваць
Па колцу цеснаму арбіты...
У нас жа ноч... І каля нас па кругу,
Як конь сляпы, што спрэжаны з прыводам,
Няўмольна ў цемры ходзіць цішыня —
Яна часамі горш, чым нават лямант,
Не дасць заснуць. Калі ж у нашу памяць,
Асветленую гэтай цішынёю,
Бултыхне атам дробненькі — адразу,
Нібы кругі ад камня па вадзе,
Расходзяцца кругі яго арбіт —
Маршчыны нашых роздумаў над лёсам.
Зноў цішыня... І ў ёй зусім выразна
Мы чуем, як усюды на планеце
Спяшаюцца пясочныя гадзіннікі —
Перасыпаецца бязлітасна пясок...
Ну дзе ты, сонца? Цішыню напоўні
Рабочым гулам і рабочым рытмам:
Няхай усё забегае, заходзіць
Па пракавечных нітачках арбіт.
Вось штосьці дзынкнула... Нарэшце!
Гэта промень
Завёў сланечнік — сонечны гадзіннік.