Кажуць, было гэта даўным-даўно —
Адсюль не відно,
Было недалёка недзе:
Хадзіў мядзведнік з мядзведзем.
Па гарадах і вёсках яны хадзілі,
Абняўшыся, быццам бы роўныя,
Дарослых смяшылі, дзяцей весялілі
Гэтыя артысты вандроўныя.
А мядзведзь быў артыст не просты —
Прыгожы, высокі ростам.
Да таго ж ён, кажуць, перанёс, нібы эпідэмію,
Навуку ў Смаргонскай мядзведжай акадэміі.
Яшчэ і сёння кожнае па назубок
Ён ведаў, нібы той школьнік урок.
Бо танцаваць вучыўся, няйначай,
На патэльні гарачай,
Якую падсоўвалі яму пад ногі
Дужа строгія педагогі.
Колькі смеху ў вёсках было!
Смех збягаўся ў тое сяло,
Дзе танцавала нявінна
Гэтая касматая балерына.
А яна хусцінкай над галавою махала,
Упрысядкі да самой зямлі прысядала,
А затым у паэзію дабаўляла прозы —
Паказвала, як дадому вяртаецца гаспадар нецвярозы.
Асабліва любіў мядзведзь
Нумар, дзе трэба было барукацца,—
Колькі яму даводзілася пасапці, папацець,
Каб гаспадара паваліць, а самому наверх узабрацца!
І раптам не стала пацешнага артыста —
Збег у лес вячысты.
Там на паляне лясной
Сабраў ён род увесь свой
І пачаў перад усімі хваліцца,
Чаму ён змог у людзей навучыцца.
Пачне паказваць, як п’яныя ходзяць,—
Усе маўчаць у здзіўленні:
Не разумеюць, выходзіць,
Сэнсу яго прадстаўлення.
А калі ён упрысядкі пойдзе
Пры ўсім пры лясным народзе,
Пачне махаць над галавою лісцінай,
Нібы хусцінай,
Усе рагочуць,
Аж слёзы ім засцілаюць вочы:
— Што з ім такое?! Чаго ён хоча?!
А калі блудны родзіч з натхненнем паказваў,
Як ён некалі чалавека вобземлю бразнуў,—
Астатнім было не да смеху:
— Цяпер мы верым — ты сапраўды, мусіць, з глузду
з’ехаў.
Не зразумелі мядзведзя родзічы —
Рашыў ён назад варочацца.
Доўга блукаў па пушчы з гэтай пары —
Шукаў чалавека і на палянах, і ў гушчары,
Але, як назло,
Яго нідзе не было.
І раптам... Ад радасці ён ажно крэкнуў —
Убачыў мядзведзь чалавека.
Раскінуўшы лапы шырока,
Мядзведзь кінуўся да яго ў абдымкі
з радасным ровам...
Але чалавек гэты пасвіў каровы,
І ў яго, як на грэх, была дубальтоўка.
Куля, стаіўшыся перад вылетам, ціха ў рулі ляжала — Яго, мядзведзя, чакала,
А спалоханая рука
Хапатліва шукала курка...
Чалавек гэты быў не мядзведнік, а пастух...