Вы кажаце, гэта дзед? Гэта ж бацька,
Што столькі сыноў павыкрыльваў у людзі,
А сам са старою застаўся ў прасторным, астылым
гняздзе.
І зараз глядзіць з-пад далоні напружана —
На ўсход і на захад, на поўдзень і поўнач глядзіць,—
З якога шчаслівага боку яны пазлятаюцца ў госці.
Вы кажаце, гэта бацька? То ж хлопец,
Які яшчэ чуб аніяк свой не можа прыгладзіць,
Які сарамліва, зацята сядзіць на ігрышчах,
Нясмела танцуе, бывае. Калі ж дакранецца знячэўку
Да дзявочых грудзей неразбуджаных — так чырванее,
губляецца:
Нібыта такое ў жыцці і ёсць непрыстойнае самае.
Вы кажаце, гэта хлопец? Не, хлопчык,
Якому хадзіць так нязручна, а поўзаць — так лёгка:
Па красках, масніцах і па каленях у маці;
Дзіця, немаўлятка, у якога ўсё яшчэ дзесьці
наперадзе
(Песні і праца, каханне і дзеці, розум і слёзы),
Усё, апрача аднаго — нараджэння.
Вы кажаце, то немаўлятка? Ага, немаўлятка!
Якое так плакала шчыра, калі праразаліся зубы,
Якое смяялася радасна, калі абдымала каханую,
Якое радзела ад сілы, калі касавішчам махала,
Якому святлела ў хаце, калі ў ёй дзяцей
прыбаўлялася,
Якое вось так незаўважна ссівела і састарэла,
Што зараз ужо і не крыўдзіцца, калі яго называюць
Дзедам, дзядулем...