Здараецца, наплыне дабрыня
І так захопіць дзіўная чуллівасць,
Што ўсё на свеце хочацца абняць,
Да сэрца ўсё прылашчыць беражліва.
Зласлівец — быццам подлы не такі,
І дурань — разумнейшы можа здацца...
Ну, што ж, паганец,— не хавай рукі,
Хадзі бліжэй, не бойся парукацца.
Сп’янелы сонцам, збегшы ад хлусні,
Нібыта чмель, у леце я шчырую.
Усхваляваны ласкаю, усім,
Як волю, дабрыню сваю дарую.
Няслаўя многа меў я на вяку,
Яшчэ нямала ўперадзе такога.
Падай, давер, мне шчырую руку,
І хай пад ногі лашчыцца дарога.
Дарога лечыць, нібы чарадзей.
Дык дзякуй жа табе, зямля святая!
Расіне — «добры дзень!»
І промню — «добры дзень!»,
І звера ўсякага, як друга, я вітаю.
Насмелюся, як поўсць, пагладзіць рунь
І хатам, як бажніцам, пакланіцца;
Расчулены, з крыніцай гавару,
Ля дрэва кожнага, бы хмель, гатоў абвіцца.
Па красках, што сляды мае заткуць,
Я так спяшаюся, бо я павінен
Падняць галоўку кожнаму квятку
І ўзняцца кожнай памагчы травіне...