Бярыце, людзі,— я вам прывёз
Вятры, травінкамі закалыханыя.
Вось перад вамі паўнюткі воз
Салаўіных песень, што з лугу сабраныя.
Бярыце веснюю радасць маю —
Май, што водарам красак успоены.
Бярыце. Я з краскамі мёд аддаю —
Ён на гудзе пчаліным настоены.
Я прывёз у горад, дзівак,
Росных захадаў ціхія водбліскі.
Спрачацца не будзем — бярыце за так
Усё зялёнае летняе воблака —
Воз духмянага сена!