Ля цябе хораша, мой касцёр,—
Цёпла і весела,
Светла і ўтульна.
Я люблю, як ты,
Нібы ласкавае кацянятка,
Круцішся ля маіх ног дымам,
Лашчышся да мяне полымем
І, нібы вінячыся, лісліва-дагодліва
Спрабуеш лізнуць маю руку...
Цела адаграваецца ля цябе,
А душа марозіцца ўспамінамі —
Яна ненавідзіць цябе!
Кожны твой яркі лісток — ненавідзіць,
Кожны пялёстак — ненавідзіць,
Кожны новы парастак,
Што зачынаецца на смаловым сучку,—
Ненавідзіць,
Бо ты — родзіч тым кастрам,
Якія спальвалі жывых людзей,
А я — родзіч тым чужым людзям,
Якіх яны спалілі.
Мусіць,
Так яно і застанецца назаўсёды:
Цела будзе любіць цябе,
А душа — ненавідзець.