epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Скрыган

Над гаем кружылі буслы

У нядзелю раненька Ігнат вывеў веласіпед з сянец. Дзень меўся быць найлепшы. На дварэ пад вішнямі, дзе ўдзень купаліся куры, на разгрэбенай зямлі ляжала яшчэ вільгаць.

- То я з'езджу, Яніна. Чуеш?

За плоцікам у градах паднялася жанчына ў паркалёвым халаце, расквечаным пад рамонкі. Абтрасаючы ўробленыя ў зямлю рукі, пераступаючы бучны цяўнік, яна падышла да веснічак. Тыльным бокам далоні, каб з пальцаў не асыпаўся пясок, пакранулася да касынкі, папраўляючы яе. Вельмі пасаваў ёй загар на руках, на адкрытым рагавічку грудзей, нейкі спелы, гарачы. Бровы ў яе былі высокія, як здзіўленыя. Яна зірнула на Ігната таксама як бы дзівячыся, што ён нават у спартыўным будзённым гарнітуры такі зграбны і ладны. Твар толькі для другіх суровы і чэрствы, а для яе - самы даступны.

- З'ездзі, Ігнатка, - сказала яна. - Толькі не баўся доўга.

- Ну, мне там бавіцца няма чаго.

- Яна спіць?

- Спіць. Ты яе не будзі. Пакуль прачнецца, то я і вярнуся.

- Ну едзь.

Ігнат спакаваў на багажніку згорнутую турысцкую кайстру, апусціў на яе дужку. Павярнуў веласіпед да адчыненай брамкі, ускочыў у сядло і пакаціў з двара, пакідаючы на доле свежы роўны слядок.

Ён праехаў сяло, мінуў масток, насланы новымі дошкамі; веласіпед прайшоў па ім без шуму. Падняўся на ўзгорак, адкуль адкрылася ўсё калгаснае наваколле. Пад лесам у жоўтым жыце хадзілі два камбайны, па палявых дарогах снавалі машыны: порстка, весела, з подскакам - у поле, і з асцярогаю, натужна гудучы, - у свіран. Усюды ішла работа, і на хвіліну Ігнат пачуў сябе няёмка: у такі гарачы час ён займаецца бог ведае якім глупствам. Як на тое, з-за павароткі на дарогу выехала фурманка. Ігнат пазнаў запраўшчыка дзядзьку Антона: на возе ляжала бочка з саляркаю.

- Добры дзень, аграном! Ці далёка? - папытаўся дзядзька Антон, параўняўшыся. - Тпру!

- Невялікі клопат у мястэчку. Зараз вярнуся.

- То ў мяне да цябе просьба, аграном: купі там пачкаў з два «Беламора».

- Добра, дзядзька Антон, прывязу.

У мястэчку Ігнат наўскасяк перасек пляц, на якім у цяньку ад старое царквы стаяла некалькі вазоў з параспраганымі коньмі, пад'ехаў да раймага. Прыставіў веласіпед да сцяны каля ганка, пашкадаваўшы, што ў нас няма завядзёнкі на гэты від транспарту рабіць стаянак. Такая драбяза: збіць пры сцяне рагавік з рэдка пастаўленых планак, каб можна было паміж іх уткнуць пярэдняе кола веласіпеда - няхай стаіць. А то прыходзіцца прымошчваць бокам, а нехта другі прымосціць да твайго, а тады трэці, чацвёрты - паспрабуй потым дастаць свайго, не параскідаўшы другіх. І вучыцца ёсць у каго: уся Прыбалта з такімі стаянкамі.

- А-а, Ігнат бацькавіч! - абарваў Ігнатаў гаспадарлівы роздум нечы голас. З прыступак ганка спускаўся раённы заатэхнік з пакункам пад локцем, загарэлы, без шапкі, з палавымі ад сонца валасамі. - Даўно не бачыліся, як пажываецца? Нешта купіць збіраешся?

- Ды, разумееш, дачка ў мяне імянінніца сёння і сёлета ў школу ідзе першы раз. Ну то трэба ж, каб астаўся нейкі знак.

- Рэзонна, рэзонна! Пазнаю заядлага сем'яніна... Ой ты! - весела памахаў пальцам перад сабою заатэхнік і пайшоў, разрагатаўшыся, бог ведае, на што намякаючы.

Народу ў краме было не так багата. Найбольш жанкі; яны тоўпіліся каля аддзела з крамнінаю, мацалі, прымервалі на сябе, прыкідваючы яе да грудзей перад люстэркам, - ці да твару. Улучыўшы хвілінку, Ігнат расказаў крамніцы сваю патрэбу і пачаў выбіраць з таго, што яна палажыла перад ім на палок. Ён выбраў туфлікі, чорныя, з кутасамі на шнурках, але перадумаў і памяняў на чырвоныя. Выбраў сукенку ў белую палоску па сінім полі, тады другую, школьную, а тады фартушок да яе з шырокімі крылкамі. Крамніца падала гарнітур бялізны - і гэта палажыў у свой пак.

- Што яшчэ трэба? - папытаўся бездапаможна.

- Каснікі.

- Ну, пэўна ж, давайце і каснікі.

- Партфелік. Ці ранец.

- Давайце партфелік.

Нарэшце крамніца ўсё спакавала, а Ігнат яшчэ стаяў, успамінаючы, ці не забыўся чаго.

- Баюся раіць, але мне здаецца, што вы не ўсё яшчэ купілі, - сказала крамніца.

- А што?

- Трэба ж было і жонцы нешта ўзяць.

- Божа мой, якая вы малайчына. Абавязкова! А што б вы параілі?

Крамніца прайшла туды, у жаночы канец, перакінула на паліцы адзін скрутак крамніны, другі, нарэшце палажыла на палок і разгарнула. Па чорным полі ішлі танюсенькія срэбныя павуцінкі, як бы выблісквалі з самое чарнаты. Прыкінула сабе да грудзей, зірнула на Ігната, на жанок.

- Ой, як хораша, - уздыхнула адна з іх.

- Не настаўніца будзе, а царыца.

На хвіліну Ігнат уявіў Яніну ў гэтакім плацці. І чамусьці іменна так, як бачыў сёння, калі ішла яна да яго за веснічкамі. Гэта было немаладу як здорава. Краса! Толькі такое плацце Яніне і трэба!

- Давайце, - сказаў ён.

Усе пакупкі ён спакаваў у кайстру. Дужка ў багажніку не прыкрывалася, прыйшлося зверху ўвязаць яшчэ шпагатам. Заехаў у прадуктовую краму, набраў цукерак, печыва - і гэта спакаваў на багажнік. І ўжо калі пусціўся ў дарогу, успомніў дзядзьку Антона. Вярнуўся па «Беламор».

За мястэчкам думкамі адразу апынуўся ў калгасе. Здалося, што забавіўся ён бог ведае як доўга, а там ён, можа, вельмі патрэбен; можа якая няўпраўка і яго чакаюць. Сам таго не заўважаючы, націснуў на педалі.

На дарозе людзей цяпер пабольшала. Хто спяшаўся яшчэ ў мястэчка, хто варочаўся ўжо дадому. Адны пехатою, другія, гэтак жа як і ён, на веласіпедах з пакункамі, прывязанымі на багажніках. Двое, хлопец і светлавалосая дзяўчына, не то спаткаліся, не то развітваліся, стаялі пры самай абочыне, і дзяўчына, мабыць, не хацела на людзі паказваць твару, усё адварочвалася ў поле. Прайшоў самаскід з грымучымі жалезнымі бочкамі, заслаўшы пасля сябе дарогу гарачым, гаркавым пылам.

Ігнат падумаў, што яму куды спакайней будзе ехаць па сцежцы, якая пачнецца зараз праз параснік і выведзе нацянькі к калгаснай дарозе.

Як толькі параўняўся ўзлесак, Ігнат гайдануўся па набітым следзе цераз канаву. Ціха і мякка пайшоў веласіпед.

Сцежка вяла то паміж арэхавага кустаўя, то выбягала на прагалкі, усыпаныя чырвонымі і белымі галоўкамі пахкага дзяцельніку. Ігнат міжволі падумаў, што селавыя людзі занадта прывыкаюць да прыроды і не бачаць, колькі вакол іх хараства. От быў бы ён гарадскі, дык у такія мясціны прыехаў бы адпачываць. З сям'ёю. На цэлы месяц. У цень. У траву. У пахошчы і птушыныя песні. Ну, няхай сабе не тут, дык трохі далей, дзе стаяць векавечныя дубы, а пад імі разасланы падаткі дыван муравы. І рэчка, што цячэ за імі, з крутымі берагамі, падмытымі пад самае карэнне.

За гэтымі думкамі Ігнат і не заўважыў, як нагнаў жанчыну. Яна ішла наперадзе вельмі паволі, як бы каго чакаючы. Заўсёды ёсць нешта загадкава-таямнічае, калі бачыш жанчыну, ды яшчэ там, дзе не спадзяваеш, ды яшчэ адну. Ігнат збіраўся яе абмінуць, але паспеў адзначыць нейкую трывожную зграбнасць яе фігуры, хады. І тут жа пазнаў і злякаўся. Яна саступіла са сцежкі і выставіла руку, перагароджваючы дарогу.

- Пачакай, Ігнат, - сказала яна патрабавальна. І калі Ігнат саскочыў і паставіў веласіпед перад сабою, сказала з пакораю: - Я бачыла, што ты быў у мястэчку, і ведала, што паедзеш сюдэю. Чакала цябе. Усё думаю, можа ты мне што-небудзь скажаш.

- Я табе ўсё сказаў, Антоля. Мы ўсё перагаварылі з табою, навошта ж зноў варочацца.

- Няўжо ж ты такі бессардэчны?

- Не, Антоля, бессардэчны быў не я. І можа якраз табе пра гэта не варта ўспамінаць.

Сцежка не так далёка зайшла яшчэ ў кустаўё, сям-там за прагалкамі прасвечвала дарога. Відно было, як там прайшла жанчына ў белай хустцы з хатулём за плячыма, як з трэскам прамчаўся матацыкл, пусціўшы за сабою сіні дымок. Каб не быць у прасветліне, жанчына дакранулася да руля, як бы просячы, каб Ігнат правёў веласіпед далей.

- Я была перад табою вінавата і не баюся сазнацца, - сказала яна. - Дык хіба ж ты не бачыш, як я за гэта пакутую?

- Цяпер нічога ўжо не паправіш, - сказаў Ігнат. - Усё ў нашым жыцці зрабілася так, як трэба. Як ты хацела. У цябе ёсць свая сям'я, муж, які даў табе і прытулак, і шчасце.

- Не было ў мяне шчасця! - горача запярэчыла жанчына. - І мужа таго, што ты кажаш, няма. Я кінула яго, ты сам пра гэта ведаеш, і другі год хаджу за табою, як цень. Няўжо гэтага мала, каб ты не паверыў, што мне больш нічога не трэба?

Яна памаўчала, супакойваючы дыханне.

- Я зрабіла тады нядобра, гадка, - цішэй сказала яна, - але ж гэта не з ахвоты ці радасці - гора прытужыла мяне. Ну няхай не будзем гаварыць пра мяне, дык жа я ратавала сына.

- Дзякую, Антоля, ты вельмі ўратавала яго. Аж да таго, што дала яму і чужое прозвішча.

Сцежка спускалася ў перасохлую ручаінку, на дне якой ляжала пруцце, кінутае, мабыць, вясною, а цяпер утоптанае, пачарнелае. На камялёк пруціны, што вытыркаў над травою, села маленькая птушачка, весела цвыркнула, махнула два разы хвосцікам і ўспырхнула, паляцела на куст. Ігнат пачакаў, каб жанчына прайшла наперад па гэтай сухой ручаінцы, не сазнаючыся, што яму яшчэ раз хочацца зірнуць на яе хаду, на паставу. Пасля ручаіны яны пайшлі поруч, яна па сцежцы, а ён збоку, ведучы веласіпед па траве. Высокія сцябліны слёзак, вызвоньваючы, перабіралі па спіцах.

- А што я магла зрабіць? - прасіла жанчына. - Хіба табе лепш было б, каб ён астаўся бяздомнікам, невукам ці вырас якім бандытам? Ты ж ведаеш, што магло быць і са мною, і з ім пасля цябе... А ён жа цяпер, дзякуй богу, вучыцца ў тэхнікуме. Як маглі, мы засцерагаліся, а ты кажаш - прытулак. Нішто сабе прытулак, калі табе свет не міл.

Параснік мінаўся, сцежка выводзіла на палянку, за якой пачынаўся дубовы гай. Ужо адсюль відны былі высокія сівыя ствалы з няроўнымі, карабатымі сукамі і густымі кронамі, засень ад якіх у глыбіні пераходзіла ад сініх да цёмных таноў. Ігнат прыпыніўся, паправіў веласіпед, як бы збіраючыся паехаць.

- Я ведаю, гэта ўсё Яніна, - сказала жанчына. - Ух, як я ненавіджу яе, гадаўку. Падсцерагла-такі. Усё жыццё яна падсцерагала мяне.

- Яніны ты не чапай, - сказаў Ігнат. Ён зноў убачыў, як сёння ішла яна да яго на градах з уробленымі ў зямлю рукамі, як глядзела з-пад высокіх броў, просячы не бавіцца. - Яніны ты не чапай, - сказаў ён. - Яна перад табою святая.

- Нішто сабе святая - раскашуецца на маім горы. А колькі яна кляла цябе - не ведаеш? З першага дня, як мы пажаніліся, яна стала маім ворагам. Уся кіпела ад злосці. Нават з сяла была з'ехала, каб не настаўнічаць разам са мною, ты ж памятаеш?

Ігнат памятаў. Памятаў і другое: шэры, золкі ранак на глухім тупіку станцыі, ланцуг вагонаў, загнаных на далёкі пуць. Бог ведае за што, дзеля якога сэнсу яму выпала на долю зазнаць, што такое людская няслава і этапныя шляхі ў невядомы свет. Маўклівая калона людзей і ціхая, як крадучыся, каманда канвою. Калі яго выклікалі, ён аддзяліўся ад натоўпу і ўжо каля вагона павярнуўся, каб апошні раз азірнуць тое, з чым развітваўся можа навечна. З ранішняга сутоння выступалі толькі цьмяныя абрысы вакзала, сілуэт воданапорнай вежы ды ўгадваліся палоскі правадоў, усё адно як абверчаныя мохам. Ужо крануўшыся прыступак, на апошняй хвіліне, ён паспеў угледзець тры постаці, што стаялі наводдаль за пуцямі, аддзеленыя канвоем, з клумкамі ў руках. У адной з іх ён хацеў прызнаць Антолю і жахнуўся - стаяла Яніна, яна махнула яму рукою.

Першае, што яго пранізала, - гэта страх за Антолю: што з ёю, чаму не прыйшла сама? Стараючыся, каб не адціснулі з тамбура, ён лавіў Янініны жэсты (будзь спакойны, усё добра) і сам сіліўся перадаць толькі адно: што ён не вінаваты. Яніна махнула галавою - паняла. Божачка, як гэта важна - яна ж перакажа, - каб ведала хоць Антоля, што за ім няма ніякай віны.

А пасля, калі іх распакавалі па вагонах і эшалон крануўся з месца, начальнік этапа перадаў яму пакунак, сказаўшы, што ёсць і запіска, але запіскі аддаць ён не можа. Той клумак, які дзяржала ў руках Яніна. У пакунку былі валёнкі, цёплыя шкарпэткі і зімовая шапка. Ад усяго гэтага ішло цяпло Антоліных рук. Укрыўшыся ад усіх, ён заплакаў. Як, адкуль, якім спосабам яна магла дазнацца пра сённяшні ранак, каб хоць Яніну прыслаць на гэтае сумнае развітанне?

І яшчэ памятаў Ігнат: як туды, у далёкі сібірскі край, прыйшоў першы ліст. Ён таксама быў ад Яніны. З яго Ігнат дазнаўся, што Антолі ў яго больш няма, не было ўжо і тады, калі ён плакаў над шкарпэткамі, бо ў іх была не Антоліна спагада. На другім жа тыдні пасля яго бяды яна выйшла нанова замуж.

- Яніны ты не чапай, - сказаў ён яшчэ раз.

- Гадаўка яна! Не магу! Век буду праклінаць яе.

Ігнат паставіў веласіпед на сцежку.

- Ідзі, Антоля, - сказаў ён. - Ты далёка адышла ўжо, ідзі.

- Куды я пайду? Навошта і куды я пайду? Як сляпая, я магу хадзіць толькі за табою... Божа мой, чаго я нарабіла! Няўжо хоць гэтым я не замаліла перад табою ўсіх грахоў?

Яна стаяла перад ім, пакорліва расціраючы ў руках сцяблінку мятліцы. Пальцы ў яе дрыжалі, у вачах стаялі сухія слёзы, губы торгаліся ў горнасці.

Каб ён не глядзеў на яе, яна адвярнулася, стаўшы зусім блізка плячыма. Яна была намнога ніжэй за яго. Зверху ён бачыў яе каштанавыя валасы, пасмачку, што, выбіўшыся, хацела ўпасці на лоб, адкрытае плячо. Прайшоўшы па выразу плацця, убачыў грудзі, раздзеленыя цёмнаю лагчынкаю ў цесным станіку, і пачуў, як у скронях пачала шумець кроў...

Трэба было з месца скрануць веласіпед, але Антоля вельмі блізка стаяла пры ім. Пажмаканая сцяблінка мятліцы ўпала на дол. Аднекуль у небе праплылі два буслы і пачалі кружыць над дубовым гаем...

 

1965 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com