epub
 
Падключыць
слоўнікі

Янка Скрыган

След гумавых шын

Гэта быў, можна сказаць, ужо край горада, і называўся ён Калоніяй. Крута спусціўшыся з узгорка, шырокая гарадская вуліца нечакана канчалася і разбівалася на завулкі і вулачкі. Пакручаста яны разбягаліся то ўлева, то ўправа, ішлі то ўдоўж, то ўпоперак так, што цяжка было разабрацца. Аднак жа да аднаго будынка, нізкага, шырокага і прасторнага, як гамарня, што рассунуў сабе даволі ладнае месца сярод гэтай мітусні, вёў драўляны тратуар, насланы на тоўстых лежаках. Ён таксама выкручваўся то ўлева, то ўправа, але ясна паказваў, што будынак гэты стаіць тут як бы выпадкова, што ён - гарадскі. Нават двор яго, таксама шырокі і прасторны, быў аслонены маладымі таполямі і абсаджаны кустамі бэзу.

Гэта была наша гімназія. Лепш кажучы, не наша, бо мы былі ў падсуседзях. Мы, рэалісты, не мелі свайго будынка, дый наогул мы не ведалі, што мы за школа. То былі часы першых гадоў рэвалюцыі, калі савецкую ўладу ў Беларусі душылі перш салдаты кайзера, а тады легіянеры Пілсудскага, і пры кожнай новай уладзе школы ператасоўваліся, мяняліся ў назвах, ператасоўваліся і вучні. Не ведаю, якія школы на гэты раз былі зліты і як дакладна мы называліся, але займацца нам прыйшлося на Калоніі. Цяпер тут асталявалася новая навучальная ўстанова - Слуцкая беларуская гімназія. Мы ад яе залежалі не толькі як падсуседзі, а яшчэ і таму, што дырэктар яе меў сілу і над намі. Ён вывешваў у калідоры загады, якім мы павінны былі падпарадкавацца, мог заходзіць у нашы класы і ўвесь урок праседзець на задняй парце, правяраючы не то нас, не то нашых настаўнікаў. Ён быў членам гарадской управы і, мабыць, лічыў, што яго права хапае на абедзве школы і што свайго дырэктара нам не трэба.

Аднойчы не прыйшла выкладчыца нямецкай мовы. Мы былі рады, што можна будзе ўвесь урок прашлындаць па калідорах, падслухваючы, што робіцца ў другіх класах, або збегаць на рэчку, якая працякала тут жа за Калоніяй. Але празвінеў званок, і ў клас увайшоў дырэктар.

- Настаўнікі вас не крыўдзяць? - папытаўся ён. - Крыўдзіць не павінны. Калі што, то вы скажыце мне, я крыўдзіць не дазволю. Але вучыцца вы павінны добра, бо нам патрэбны маладыя здольныя сілы. І з мужыкоў могуць выйсці вучоныя, інтэлігентныя людзі.

Мы глядзелі на яго як бы ўпершыню, бо толькі цяпер маглі як след разгледзець. Ён увесь зіхацеў дасіцпнасцю: невялікая клінаватая бародка згладжвала крыху рэзкія рысы твару; цёмна-карычневы гарнітур ляжаў шчыгульна і ладна; бялюткая манішка з гутаперчавым каўнерыкам і такія ж бялюткія манжэты, на якіх з-пад рукава на нейкае малюсенькае імгненне паблісквала зялёная іскарка спонкі, рабілі яго прывазным, нетутэйшым. Увесь ён быў акуратны і начышчаны. Нават гладка прычэсаныя валасы былі начышчаны нейкім пахучым, недасяжным бляскам. Няўжо вось так павінны будзем выглядаць і мы, калі станем вучонымі, інтэлігентнымі людзьмі, як на тое спадзяецца дырэктар? Не, гэта незбытэчныя спадзяванні.

- А цяпер трошкі пазаймаемся вашым прадметам. Як бачу, вы нямецкую мову не надта любіце. На чым мы спыніліся? - запытаўся ён так, як бы скрозь быў нашым настаўнікам, і пачаў іменна з таго параграфа, на якім мы спыніліся перад гэтым.

Настаўніца па нямецкай мове была старая, часта нядужала, мы нават шкадавалі яе. Не прыйшла яна і назаўтра. Мы чакалі, што зноў яе заменіць дырэктар, і былі рады, калі ў клас увайшла новая настаўніца, маладая, вясёлая і прыгожая. Яна нам адразу ўсім спадабалася. Павіталася не як з вучнямі, а як з сваімі сябрамі ці аднамыснікамі, ласкава ўсміхнуўшыся і акінуўшы ўсіх трошачкі велікаватымі круглымі вачыма. У яе былі светлыя, пышныя валасы, нейкія вельмі цёплыя. І мілая манера здзіўляцца з усяго самага звычайнага: «Ой, як вас многа, і ўсе такія харошыя!» Ды ўсё ў ёй было мілае, нават сукенка, тонка-галубовая, з лёгкімі брыжыкамі, якія так нясмела прыкрывалі трывожныя грудзі. Нават пальцы з вузкімі ружовымі пазногцікамі. Цяпер мы ведалі, што нямецкую мову будзем любіць. Нават двойкі будзем любіць ад такой настаўніцы.

- Дзень добры, хлопчыкі, - сказала яна чыста па-беларуску, уся свецячыся маладым хараством. - Будзем знаёмы: завіце мяне панна Кася. Я буду выкладаць у вас польскую мову.

Гэтага мы не спадзявалі, і радасць наша адразу згасла. Мы пачулі трывогу, можа не зусім ясную, але вельмі вострую: значыць, мы належым цяпер да другой дзяржавы. І панна Кася адразу стала не тая: яна не наша аднамысніца, а гаспадыня.

Прайшло тыдні два, панна Кася акуратна прыходзіла на нашы заняткі, кожны раз вясёлая, прыгожая і простая. Калі мы былі перш збаяліся яе, то гэта скора прайшло. Цяпер мы ні ў чым не вінавацілі яе, а нават спачувалі: не кожнаму дадзена рабіць толькі тое, што хочаш і любіш. Панна Кася нам зычыць дабра, гэта мы бачылі па ўсім. Яна на нас не крычыць, не сварыцца, не ставіць сябе высока ці ганарыста. Можа падысці да парты і пажартаваць, пакудлаціўшы каго за чуб. Можа пахваліць, нават пагладзіўшы па валасах.

- Добжэ. Бардзо добжэ, - скажа яна і тут жа дадасць па-беларуску: - Вы ўсе, хлопчыкі, разумныя, і мы скора навучымся не толькі пісаць, а нават размаўляць.

Вучыліся мы і папраўдзе нядрэнна. Трошкі цяжка было з граматыкай: мы не заўсёды разумелі, дзе трэба было пісаць «о» простае, а дзе краскаванае, каб яно чыталася, як «у»; дзе «е» і «а» звычайнае, а дзе з крывулінкаю, каб чутно было ў ім «н». Дзівіліся яшчэ, што «шч» трэба пісаць аж праз чатыры літары. Але чыталі і разумелі мы вельмі лёгка. У гэтым не было ніякага дзіва, бо зрэдку падабенства на польскую мову мы чулі. Мясцовая шляхта, маючы каталіцкае веравызнанне, на фэстах ці на кірмашах лічыла за найбольшы гонар пры сустрэчах сказаць адзін аднаму хоць некалькі слоў па-польску. «Як се маш, пане?» - «Да ніц собе, хвала богу. А пан, слышалэм, цурку выдае замуж?» - «А так, проша пана, хлопец папаўся ладны, то нех собе выходзі».

Гэтыя невялікія пазнанні і выручалі нас. Вельмі скора мы налаўчыліся не толькі перакладаць, а нават і самі скласці падобную фразу. Панна Кася была давольна. Яна прыпісвала гэта нашай стараннасці, не ведаючы, што мы нават і не думалі старацца. На ўроках яе мы займаліся чым папала: перапісваліся, шапталіся, робячы выгляд, што памагаем адзін аднаму яшчэ больш зразумець тое, чаму навучае нас панна Кася. Урокі яе праходзілі весела, з жартамі. Кожны раз яна гаварыла нам «да пабачэння» і скоранька выходзіла, дробна грукаючы абцасікамі, а мы яшчэ доўга глядзелі ёй услед.

Мы такі любілі панну Касю, бо яе прадмет нам не замінаў. Але аднойчы ўсё гэта адразу як згінула. Ходзячы каля дошкі, панна Кася дыктавала нам практыкаванне. Час ад часу яна спынялася каля стала, каб зазірнуць у кніжку. Словы, на якіх мы маглі зрабіць памылку, яна падкрэслівала тонам або працяжным вымаўленнем. Яна як бы памагала нам у нейкай тайнай змове, як бы папраўдзе была нашым аднамыснікам.

- Польска - наша ойчызна. Юзеф Пілсудскі - наш начэльнік паньства, - прадыктавала панна Кася сказ і пайшла паміж парт, паўтараючы і падкрэсліваючы асобныя словы. І здзіўлена спынілася каля Міхаля Пісарчыка. - А чаму ж ты, хлопчык, не пішаш?

Міхаль Пісарчык быў невысокі, таўсматы хлопец з Грэска. Ён быў аднарукі. Правую адарвала яшчэ недзе ў малыя гады прывадам малатарні. Пісаў ён левай рукой вельмі лёгка і спрытна, куды спарней за нас. Але нас дзівіла не гэта, а тое, што почырк у яго быў куды харашэй за самыя лепшыя ўзоры ў пропісі Гарбача. І націскі, калі пяро апускаецца ўніз, і танюсенькія лініі ўгору, і завітушкі ў вялікіх літарах, размашыстыя і смелыя, і роўны, акуратны радок. Такім почыркам пісаліся толькі царскія ўказы. Мы жартавалі, што почырк у яго ідзе ад самога прозвішча і што калі б ён радзіўся на паўвека назад, то быў бы самы знакаміты пісар на ўсю імперыю.

- Чаму ж ты не пішаш, мой хлопчык? Можа ты хворы? - перапытала панна Кася.

Міхаль Пісарчык устаў. Сшытак, разгорнуты перад ім на парце, быў чысты. Чубок жоўтай чупрыны спаўзаў на лоб. Ён глядзеў на панну Касю вельмі даверліва.

- Нашто вы гэтаму нас вучыце, панна Кася? Майго ж татку застрэлілі легіянеры.

Панна Кася пачырванела і на хвілінку злякалася. І тут жа твар яе стаў суровы і злосны. Скрывіўшыся ў гэтай злосці, яна схапіла Пісарчыка за вуха і пачала круціць.

- Нягоднік! Хам! - крычала панна Кася. - Усе вы тут такія ваўчаняты! Вас трэба ўсіх перадушыць!

Правае бязрукае плячо ў Пісарчыка паднялося высока. Ён выбавіў гэтым плячом вуха з пальцаў панны Касі. Тады яна пачала яго біць па шчаках - у адну, у другую, з размаху, з асалодаю, з пошчакам на ўвесь клас, крычучы і задыхаючыся і адразу стаўшы старой і страшнай, як вядзьмарка:

- Перадушыць! Перавешаць усіх, бандытаў, бальшавіцкіх вырадкаў!

Панна Кася выскачыла з класа, дробна застукаўшы абцасікамі і моцна бразнуўшы дзвярыма. Ах, як нам было шкода чагосьці, як нечакана абарвалася і знікла назаўсёды нешта вельмі дарагое - мабыць, гэта мы развітваліся з даверлівым і бесклапотным дзяцінствам, бо ўведалі, што жыццё куды складаней, як здаецца на першае вока.

Не паспелі мы разабрацца ў гэтай нашай журбе, як у дзвярах паказаўся дырэктар. Мы ўспомнілі, як ён абяцаў нікому не даваць нас у крыўду, і акрыялі. Але ён гнеўна асадзіў нас, назваўшы басурманамі і бунтаўшчыкамі. Мы ніхто яму не сказалі ні слова, калі ён дапякаў і гразіўся ўсіх паразганяць. Нас - няхай разганяў бы, мы нават хацелі б гэтага, але каб толькі не чапаў Міхаля Пісарчыка. Ён цяпер быў нам - як наша сумленне.

Выходзілі мы з гімназіі гуртам, нам не хацелася пакідаць Пісарчыка аднаго. На высыпанай жвірам дарожцы, што загінала за вуліцы да ганка, стаяў дырэктараў фаэтон. Фурман за лейцы стрымліваў сытую жарабіцу.

Да фаэтона прайшла панна Кася з дырэктарам. Яна ішла скоранька, як бы ўцякаючы ад яго. Але ён паспеў нагнаць, каб падаць руку, калі панна Кася ступіла на падножку. На нейкае малюсенькае імгненне з-пад рукава ў яго бліснула зялёная іскарка спонкі.

- Божа мой, якія яны хамы. Навошта ты вёз мяне сюды, у гэтае балота, лепш бы я была ў Вільні, - гаварыла панна Кася, і мы цяпер не бачылі на твары тае прыгажосці, якой яшчэ нядаўна любаваліся.

- Няхай панна Кася не зважае, на тое яны мужыкі.

- Ты ў мяне сёння будзеш?

- А як жа, мая каханая панна. Адразу пасля ўправы, я там забаўлюся не доўга.

Дырэктар загадаў фурману, каб вёз паволі, і неўзабаве вярнуўся, бо ён яшчэ на якую часіну тут астаецца. Стаенняя кабыліца нецярпліва рванула з месца, і па жвіры астаўся след тонкіх гумавых шын.

 

1961 г.




Беларуская Палічка: http://knihi.com