epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Абнаўленне

 

 

Юлька глядзіць, як з-за лесу ў бок вёскі паўзе агромністая, перапоўненая рашучасці хмара, і чакае нечага незвычайнага. І тое, незвычайнае, неўзабаве прыходзіць.

Спачатку заскакалі па зямлі кроплі-гарошыны, цвічкамі ўбіліся ў пясок і ўзнялі воблачкі пары. А потым успыхнула першая бліскавіца і пачуўся першы, нясмелы яшчэ, удар грому.

Разоў некалькі паўтарылася такое, а затым то там, то тут пачалі перакрэсліваць неба маланкі ды раз-пораз скаланалі наваколле грымоты. І ўжо ні тых ластавак над самай зямлёй, ні тых вераб’ёў на платах — усё недзе пахавалася. Толькі вясковыя хлапчукі, асядлаўшы дубцы, лёталі і лёталі па прыціхлай вуліцы і падбадзёрвалі:

 

Дожджык, дожджык, секані —

Мы паедзем на кані...

 

Не паспелі яны выказаць сваё жаданне, як неба прарвалася і лінула адтуль, быццам з начовак.

Хмара неўзабаве сплыла, растварылася ўдалечыні, за лесам, а яе нечаканаму прыходу яшчэ доўга радавалася ўсё жывое. Нават трыпутнік — спрадвечны ахоўнік сцяжын — і той набрыняў парнай вільгаццю і паслухмяна лёг пад Юльчыны босыя ногі...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан