epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Агонь

 

 

Выпадкова нехта выпусціў яго на волю.

Ціхі і рахманы да гэтага, ён адразу ж змяніўся. Дзе ўзяліся спрыт і лёгкасць! Стрымгалоў бег па зямлі, прыпадаў да басаногіх бярозак, блытаўся ў густой чупрыне багунцу, ускакваў на верхавінкі малалетак-сасонак і зноўку імчаў далей.

Нарэшце, спатыкаючыся на купінах, дапяў ажно да ручая. Мераўся чырвоным матылём пераляцець на той бок, у сасновы бор, але я стаў на яго шляху.

І ён памёр пад маімі нагамі.

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан