epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Альма

 

 

Яна не магла дачакацца тае хвіліны, калі адчыняцца дзверы і з хаты выйдзе Юлька, паставіць перад ёю міску з пачастункам, прысядзе на кукішкі і будзе глядзець, як яна, Альма, снедае. Калі міска апаражнялася, Юлька даставала з-за пазухі дудачку, і падворак напаўняўся дзівоснай мелодыяй.

Альма не вытрымлівала спакусы, садзілася насупраць і, падняўшы голаў, пачынала падпяваць.

Людзі спыняліся па той бок паркана і ўсміхаліся яе такому нязвыкламу занятку.

А ў тую раніцу Альме не хацелася, каб Юлька выходзіла з хаты, не хацелася, каб даставала сваю дудачку...

Яшчэ звечара адчула, што з ёю нешта нядобра. Кружылася галава, у вачах стаяў туман, нутро паліла смага, і нудзіла. Пабегла да возера — да болю ў жываце хлябтала і хлябтала ваду, а смагу так і не магла наталіць. Прыплялася дадому, скруцілася абаранкам на жменьцы леташняй саломы і праляжала да раніцы, так і не зразумеўшы, што з ёю сталася.

Да таго ж недзе там, усярэдзіне, расла злосць і на тую валацужніцу-сучку, з якой надоечы ад няма чаго рабіць скубануліся ўсяго які раз, і на ўсіх чыста — нават на тых незнаёмых людзей, што недзе нягучна бразгалі вёсламі... А калі ўбачыла на парозе не Юльку, а Юльчыну маці, са здзіўленнем прыўстала на пярэднія лапы, хацела рвануцца, схапіць за руку, але апамяталася і ўсяго што зрабіла — агрызнулася.

А Юльчынага бацьку і зусім не прызнала. Здалося, што гэта нехта чужы і нядобры, і яна кінулася на яго, учапілася ў крысо пінжака, ды знаёмы пах ацвярэзіў — адскочыла і вінавата падцяла хвост.

Потым, нібы праз сон, убачыла яна яшчэ і Арсена.

Ён стаяў з гаспадаром пасярод падворка і гаварыў:

— Вядомая справа!.. Трэба ісці па фельчара... А калі не вылечыць, то...

Вось ужо зніклі і гаспадар, і Арсен, а перад вачыма стаяў адзін толькі туман. І скрозь гэты туман яна ўжо не бачыла, як прыбегла пад паветку Юлька,— адчула толькі паспешлівы дотык дзіцячых рук ды пачула знаёмы голас:

— Уцякаць табе трэба... У лес...

Калі на ланцужку шчоўкнула прышчэпка, яна ўся неяк сцялася і быццам прачнулася, быццам зразумела што да чаго. Хацела лізнуць Юльчыну руку, але раздумала і, нібы вінаватая ў нечым перад ёю, паслухмяна пакінула зялёны падворак...

...З таго дня прайшло доўгіх два тыдні. Кожную раніцу Юлька выходзіла з хаты, садзілася на прыступкі ганка і маўкліва пазірала наўкол. Сцежкаю, па той бок паркана, як і раней, ішлі на працу знаёмыя людзі, спыняліся насупраць і гаварылі:

— Не чуваць нешта нашых артыстаў...

Юлька не вытрымлівала, падымалася і бегла ў хату.

А на гэты раз Юлька толькі адчыніла дзверы — і да ног кінулася Альма. Схуднелая, але вясёлая, яна і скавытала, і лашчылася, і ўсё мерылася лізнуць у шчаку...

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан