epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Астравок

 

 

Астравок — вёска не з вялікіх. Усяго некалькі дзесяткаў хат — старых і зусім новых.

Старыя хаты чамусьці не трымаюцца адна адной, а разбегліся — якая куды — і пазіраюць на прахожага задумлівымі вокнамі. Тая задумлівасць, пэўна, ад таго, што маюць хаты немалады век, на працягу якога пеставалася свая, адзіная на ўвесь белы свет, надзея, а цяпер сплыла тая надзея ў далёкае і беззваротнае мінулае. І мо таму вокны тых хат успыхваюць па вечарах агеньчыкам усё радзей і радзей, а пад некалі смалістаю бэлькай парыпвае толькі ў выхадныя дні лазовая, яшчэ дзедава, калыска...

Новыя хаты, наадварот,— выстраіліся ў рад, як напаказ. І глядзяць на свет не задумлівымі, а цікаўнымі вокнамі. Адхіліцца раптам фіранка, і акно будзе доўга цікаваць за вуліцай: а хто ж гэта прыехаў да нас? Мо назусім вярнуўся?..

 


1974-1977

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Там, дзе жыве Юлька. Лірычныя навелы. – Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1978. – 160 с.
Крыніца: скан