epub
 
падключыць
слоўнікі

Яраслаў Пархута

Бацькава песня

Як добра ў матчынай хаце!

І на гэты раз мяне разбудзіла песня. Бацькава песня... Ляжаў, як некалі, баючыся расплюшчыць вочы, і слухаў:

— Дзінь-дзень! Дзінь-дзень!..

Уяўлялася: бацька губатымі абцугамі толькі што выняў з горна сонечны кавалак разамлелага жалеза, ударае па ім молатам, і з тае зыркай жалезіны сыплюцца на гліняны дол мільёны зор...

І вось ужо ля ног бацькі, сыходзячы гаркаватай парай, ляжыць падкова.

Ёю падкуюць Гнядую ці Дэраша. А потым тую падкову вясною нехта знойдзе на дарозе. І прыб'е да свайго парога. На шчасце.

А бацька зноў будзе заняты сваёй звычайнай справай. Будзе кожнай раніцай даставаць абцугамі з горна кавалкі сонца. І зноў будзе ліцца пад нашым сялом знаёмая музыка:

— Дзінь-дзень, дзінь-дзень...


1969?

Тэкст падаецца паводле выдання: Пархута Я. Ты пайшла ў сонца. Лірычныя аповесці і навелы. - Мн., "Мастацкая літаратура", 1973. (першы празаічны зборнік)
Крыніца: скан